Белорусский портал в Казахстане

Беларусь дапаможа Калінінградскай вобласці з пастаўкамі прадуктаў, забароненых Расіяй да ўвозу з ЕС, ЗША і шэрагу іншых дзяржаў



Пра гэта паведаміў губернатар Калінінградскай вобласці Мікалай Цуканаў на сваёй старонцы ў сацыяльнай сетцы "Твітар".

"Пазваніў міністру сельскай гаспадаркі Беларусі. Леанід Заяц выказаў гатоўнасць закрыць выпадаючыя пазіцыі", — паведаміў ён.

"Па сыравіне для нашых перапрацоўшчыкаў: мы аналізуем усе патрэбнасці, Беларусь разглядае. Далей выходзім на падпісанне пагаднення. Тыя ж яблыкі ў іх па зусім канкурэнтнай цане і выдатнай якасці", — піша Цуканаў.

Нагадаем, Расія на год забараніла імпарт шэрагу сельскагаспадарчых і харчовых тавараў з краін, якія ўвялі санкцыі ў дачыненні да РФ: ЗША, дзяржаў ЕС, Канады, Аўстраліі і Нарвегіі. У адпаведны спіс трапілі ялавічына, свініна, птушка, садавіна, агародніна, сыры і малочная прадукцыя, арэхі і шэраг іншых прадуктаў.

Кіраўнікі Мінсельгасхарча Беларусі заяўлялі, што на наступным тыдні будзе абмеркавана пытанне павелічэння паставак беларускага харчавання ў Расію, прычым ёсць магчымасць іх значна нарасціць.

Так, першы намеснік міністра сельскай гаспадаркі і харчавання Леанід Марыніч паведаміў, што Беларусь гатова пастаўляць харчаванне ў Расію замест краін, у дачыненні да якіх Масква ўводзіць санкцыі. "Для нас гэта кландайк. Мы гатовы замяніць заходнія краіны па многіх пазіцыях у частцы харчавання", — сказаў чыноўнік.

Сяргей Каралевіч, БелаПАН
Мінск, 8 жніўня 2014

Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/17-0/48/27065
Текущая дата: 21.05.2024