Аб гэтым заявіў міністр замежных спраў Беларусі Уладзімір Макей, адкрываючы пасяджэнне сумеснай калегіі МЗС дзвюх краін 18 лістапада ў Мінску.
"ЗША працягваюць дзеянні па стварэнні сістэмы супрацьракетнай абароны. Павышаную актыўнасць дэманструе НАТА каля нашых межаў. Усё гэта стварае праблемы з імплементацыяй даверу", — сказаў Макей.
Ён падкрэсліў, што "год, які прайшоў з моманту папярэдняй калегіі, быў насычаны лёсавызначальнымі падзеямі", якія маюць важнае значэнне для Беларусі і Расіі.
Паводле слоў міністра, "нескаардынаванасць дзеянняў міжнароднай супольнасці і імкненне асобных дзяржаў змяніць наяўны стратэгічны баланс у свеце садзейнічае паглыбленню канфліктаў у розных рэгіёнах планеты".
"Палітычны крызіс ва Украіне вельмі абвастрыў супярэчнасці як унутры краіны, гэтак і за яе межамі, сфарміраваў высокі ўзровень недаверу, — сказаў Макей. — З улікам абвінаваўчай рыторыкі і санкцыйных мер наш свет па сутнасці апынуўся на парозе новай халоднай вайны. Усё гэта патрабуе ад нас своечасовага і адэкватнага рэагавання".
Дасягненнямі Макей назваў захаванне працаздольнасці СНД, а таксама той факт, што ўдалося выйсці на фінальную стадыю стварэння Еўразійскага эканамічнага саюза.
Паводле яго слоў, парадак дня сённяшняга пасяджэння вельмі насычаны. Макей назваў "вельмі сімвалічным", што першым пунктам пасяджэння стаіць пытанне аб святкаванні 70-годдзя Перамогі савецкага народа ў Вялікай Айчыннай вайне. Ён падкрэсліў, што Беларусь і Расія павінны супрацьпаставіць адпаведныя намаганні спробам перапісаць гісторыю.
Кажучы пра узаемадзеянне з Еўрасаюзам, Макей падкрэсліў, што з 2011 года дзейнічаюць візавыя і фінансавыя абмежаванні ў дачыненні да фізічных асоб і прадпрыемстваў Беларусі. "Зараз санкцыі ўведзеныя і супраць Расіі. Па сутнасці, размова ідзе аб новай канфігурацыі адносінаў, якая патрабуе адэкватнага рэагавання, пошуку і рэалізацыі збалансаваных рашэнняў на перспектыву", — сказаў Макей.
Пры гэтым ён падкрэсліў, што Беларусь упэўненая ў магчымасці наладжвання канструктыўнага эканамічнага ўзаемадзеяння паміж ЕС і Еўразійскай эканамічнай супольнасцю.
Макей таксама заявіў: "Ва ўмовах беспрэцэдэнтнага супрацьстаяння з Захадам яшчэ большае значэнне набывае супрацоўніцтва ў межах АБСЕ".
Таццяна Каравянкова, БелаПАН
Мінск, 18 лістапада 2014
Мінск, 18 лістапада 2014
Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/17-0/49/28288
Текущая дата: 17.11.2024