Белорусский портал в Казахстане

Беларусь і Амурская вобласць РФ плануюць наладзіць сумесную вытворчасць малочных прадуктаў у Прыамур`і



Аб гэтым паведаміў журналістам міністр сельскай гаспадаркі і харчавання Беларусі Леанід Заяц 2 сакавіка ў Благавешчанску.

"Мы разлічваем дапоўніць амурскі рынак прадуктамі нашых малочных прадпрыемстваў, арганізаваць тут іх сумесную вытворчасць па беларускай тэхналогіі, на беларускай сыравіне, — цытуе міністра РИА Новости. — Плануем зрабіць гэта на базе Благавешчанскага холадакамбіната — для гэтага будзе пабудаваны дадатковы цэх. Можам пачаць актыўную работу ў гэтым кірунку ўжо сёлета".

Як паведаміў Заяц, у Прыамур`е будзе пастаўляцца сухое малако, масла і сыры, якія затым будуць расфасоўвацца на тэрыторыі рэгіёна. У планах — сумеснае будаўніцтва жывёлагадоўчых комплексаў у Прыамур`і.

"Якасць нашай прадукцыі прызнаная за мяжой. Тавар пастаўляецца на еўрапейскі рынак, атрымалі дазвол для пастаўкі прадукцыі ў Інданезію", — заявіў кіраўнік Мінсельгасхарча Беларусі.

У сваю чаргу саветнік губернатара Амурскай вобласці Павел Беразоўскі, які курыруе пытанні супрацоўніцтва рэгіёна з Беларуссю, заявіў, што ў Прыамур`і ў перспектыве з`явіцца прамыслова-эканамічны цэнтр, які "будзе кансалідаваць усе пытанні супрацоўніцтва з Беларуссю". "Там будзе прадстаўлена прадукцыя Рэспублікі Беларусь", — сказаў чыноўнік Амурскай адміністрацыі.

Візіт беларускай дэлегацыі на чале з міністрам сельскай гаспадаркі і харчавання ў Благавешчанск пачаўся 1 сакавіка.

БелаПАН
Мінск, 2 сакавіка 2014

Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/17-0/50/25271
Текущая дата: 19.05.2024