Белорусский портал в Казахстане

Дзмітрый Мядзведзеў адобрыў праграму Саюзнай дзяржавы па выкарыстанні вуглевадародаў



Адпаведны дакумент размешчаны на сайце ўрада Расіі.

Прэм’ер-міністр РФ Дзмітрый Мядзведзеў падпісаў распараджэнне, якім адобрана навукова-тэхнічная праграма Саюзнай дзяржавы Расіі і Беларусі па распрацоўцы новых тэхналогій разведкі і выкарыстання вуглевадародаў.

Дзяржаўны заказчык ад РФ — Міністэрства адукацыі і навукі Расіі, дзяржаўны заказчык ад Беларусі — Нацыянальная акадэмія навук. Тэрміны рэалізацыі праграмы — 2014-2017 гады.

«Адобрыць прадстаўлены Міністэрствам адукацыі і навукі Расіі ўзгоднены з зацікаўленымі федэральнымі органамі выканаўчай улады і беларускім бокам праект навукова-тэхнічнай праграмы Саюзнай дзяржавы «Даследаванні і распрацоўка высокапрадукцыйных інфармацыйна-вылічальных тэхналогій для павелічэння і эфектыўнага выкарыстання рэсурснага патэнцыялу вуглевадароднай сыравіны Саюзнай дзяржавы», — гаворыцца ў дакуменце.

У тлумачальнай запісцы ўрада РФ паведамляецца, што праграма прадугледжвае распрацоўку інфармацыйна-вылічальных тэхналогій і праграмнага забеспячэння для аналізу геолага-геафізічных даных, стварэнне доследнага ўзору спецыялізаванай серыі высокапрадукцыйных вылічальных сістэм для паліўна-энергетычнага сектара на аснове суперкамп’ютарных платформ сямейства СКІФ.

Фінансаванне праграмы будзе ажыццяўляцца за кошт бюджэту Саюзнай дзяржавы і прыцягнутых сродкаў арганізацый — выканаўцаў праграмы.

Звязда, 2 верасня 2014

Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/17-0/50/27414
Текущая дата: 17.11.2024