Белорусский портал в Казахстане

Беларусь будзе свята выконваць дамоўленасці з Расіяй, маючы пры гэтым свой пункт гледжання



Аб гэтым Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка заявіў 17 кастрычніка на прэс-канферэнцыі для прадстаўнікоў расійскіх рэгіянальных сродкаў масавай інфармацыі - удзельнікаў традыцыйнага прэс-туру ў Беларусь.

Паводле слоў беларускага лідара, калі ў Расіі пачалі гаварыць, што Беларусь не падтрымлівае пазіцыю Расіі па Украіне, ён заявіў: калі Расіі спатрэбіцца падтрымка з боку Беларусі, яна яе акажа. "Мы з Расіяй саюзнікі і будзем свята выконваць нашы дамоўленасці, гэта наша пазіцыя. Але ў нас ёсць і ўласны пункт гледжання, часам ён можа адрознівацца ад Расіі. Але мы стратэгічныя партнёры і саюзнікі. І мы не можам дапусціць, каб нехта пакутаваў, а мы збоку глядзелі. Гэтага не будзе", - заявіў Прэзідэнт.

Гаворачы аб узаемадзеянні Беларусі з іншымі краінамі, кіраўнік дзяржавы адзначыў, што падзеі ва Украіне сталі падставай для таго, каб Захад пачаў рабіць крокі насустрач Беларусі. "Наша пазіцыя па Украіне, відаць, стала штуршком і магчымасцю разважлівым людзям на Захадзе і ў Амерыцы заявіць аб супрацоўніцтве з намі. І яны гэтым скарысталіся, а не таму, што мы змяніліся ці змянілі сваю палітыку. Мы самі і падзеі ў свеце павярнуліся такім чынам, што ўжо "трапаць" Беларусь і выціраць аб яе ногі непрыстойна, ніхто ўжо гэтага не зразумее, нават на Захадзе", - падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.

17 кастрычніка 2014, Мінск
БЕЛТА

Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/17-0/51/27798
Текущая дата: 25.12.2024