Белорусский портал в Казахстане

Расіі і Беларусі трэба або перайсці да рэальнага аб`яднання МАЗа і КАМАЗа, або закрыць гэтую тэму



Пра гэта заявіў прэм`ер-міністр РФ Дзмітрый Мядзведзеў 20 лістапада ў Санкт-Пецярбургу на прэс-канферэнцыі паводле вынікаў пасяджэння кіраўнікоў урадаў краін СНД.

Адказваючы на пытанне аб перспектывах агульнай вытворчасці, Мядзведзеў заўважыў, што гэтае пытанне ён ставіў перад прэм`ер-міністрам Беларусі Міхаілам Мясніковічам.

"Дамоўленасці пакуль няма, а гэта было б карысна для нашых краін і прадпрыемстваў. Напэўна, ёсць юрыдычныя цяжкасці, розніцы ў падыходах. Але даўно час гэтую дыскусію завяршыць і перайсці да рэальнага аб`яднання або закрыць гэтую тэму", — цытуе Мядзведзева РІА Новости.

"Дамовіліся працягнуць канструктыўную працу і паспрабаваць адказаць на гэтыя пытанні самым найбліжэйшым часам, калі гэта не ўдасца, будзе шкада", — дадаў Мядзведзеў.

У сваю чаргу прэм`ер-міністр Беларусі Міхаіл Мясніковіч заявіў журналістам, што рашэнні па сістэме кіравання холдынгам МАЗа і КАМАЗа будуць прынятыя ў снежні 2013 года. "Мы мяркуем, і з Дзмітрыем Анатолевічам (Мядзведзевым) знайшлі разуменне, што ў снежні гэтага года будзе прынята рашэнне па сістэме кіравання. Гэта было самае вялікае пытанне. Цяпер адпрацаваны дагавор, працуюць міжнародныя эксперты па сістэме кіравання гэтым холдынгам, бо там плануецца сканцэнтраваць капітал 50 на 50. Я думаю, што гэты праект будзе рэалізаваны", — сказаў Мясніковіч.

Нагадаем, 21 кастрычніка на сустрэчы з кіраўнікамі некаторых СМІ краін СНД Аляксандр Лукашэнка заявіў, што Беларусь пакуль не бачыць прывабных прапаноў па аб`яднанні МАЗа і КАМАЗа ад расійскага боку. "Калі аб`яднаецеся, што вы прыўнесяце ў нас? Якія грошы ў нас? Ніякіх. Тэхналагічных навінак — няма. КАМАЗ сёння прайграе МАЗу. Якія новыя рынкі атрымаем? Ніякіх", — сказаў Лукашэнка.

"Я прапанаваў КАМАЗу не спяшацца, бо ў нас ёсць дрэнны прыклад працы "Уралкалія", — заявіў ён. Паводле слоў беларускага кіраўніка, ён прапанаваў на працягу трох гадоў перадаць акцыі КАМАЗа і МАЗа ў сумесную кампанію і кіраваць ёю. "Чытаю на стужцы, напэўна, укідванне нейкай інфармацыі, што нам не цікавы праект без акцый. Ну, не цікавы — пацерпім", — сказаў Лукашэнка.

КАМАЗ і МАЗ з 2010 года вядуць перамовы пра аб`яднанне. Спачатку абмяркоўваўся абмен акцыямі прадпрыемстваў, але ён не задавальняў беларускія ўлады. Цяпер абмяркоўваецца варыянт стварэння сумеснага холдынга "Расбелаўта" на базе МАЗа і КАМАЗа.

Раней гендырэктар КАМАЗа Сяргей Кагогін заявіў, што ў святле сітуацыі з "Уралкаліем" пакуль не плануе ехаць у Беларусь на перамовы па аб`яднанні.

Марына Носава, БелаПАН
Мінск, 20 лістапада 2013

Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/17-0/55/24117
Текущая дата: 17.11.2024