Белорусский портал в Казахстане

Беларусы зацікаўлены ў стварэнні аграгарадка на тэрыторыі Калінінградскай вобласці Расіі



Аб гэтым паведаміў намеснік прэм`ер-міністра Пётр Пракаповіч 20 лістапада падчас XI пасяджэння расійска-беларускага савета па доўгатэрміновым супрацоўніцтве Калінінградскай вобласці РФ з абласцямі, муніцыпалітэтамі, органамі дзяржаўнага кіравання Рэспублікі Беларусь.

Пракаповіч сказаў, што беларускі бок распрацоўвае канцэпцыю, узаемавыгадную для абодвух бакоў. "У нас ёсць вельмі добры вопыт працы ў гэтым кірунку, створана больш чым 1.500 аграгарадкоў. Мы гатовы такі вопыт укараніць і ў вас. Але гэта павінна быць сумеснае рашэнне", — цытуе Пракаповіча сайт урада Калінінградскай вобласці.

Губернатар вобласці Мікалай Цуканаў у сваю чаргу падкрэсліў, што рэгіён зацікаўлены ў развіцці аграрных тэхналогій. "Прынцыпова мы падтрымліваем гэтую прапанову, але яе трэба дакументальна аформіць. Вопыт Беларусі ў гэтым кірунку значны. У нас у рэгіёне ёсць сучасныя вытворчасці еўрапейскага ўзроўню. Упэўнены, гэта перспектыўны кірунак супрацоўніцтва", — сказаў кіраўнік расійскага рэгіёну.

Пракаповіч выказаў падзяку губернатару Калінінградскай вобласці за падтрымку супрацоўніцтва ў вытворчай, гуманітарнай і сацыяльнай сферах.

Па выніках пасяджэння Мікалай Цуканаў і Пётр Пракаповіч падпісалі пратакол. У ім, у прыватнасці, адзначаецца, што дамоўленасці, дасягнутыя ў ходзе ўзаемных візітаў, садзейнічалі актывізацыі гандлёва-эканамічнага, навукова-тэхнічнага і гуманітарнага супрацоўніцтва, стабільнаму росту двухбаковага тавараабароту, а таксама паглыбленню ўзаемадзеяння бакоў па розных кірунках. Акрамя таго, яны намецілі перспектывы далейшага супрацоўніцтва, ухваліўшы праект плана мерапрыемстваў па супрацоўніцтве Калінінградскай вобласці з Рэспублікай Беларусь на 2014—2015 гады.

Аляксей Арэшка, БелаПАН
Мінск, 21 лістапада 2013

Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/17-0/55/24132
Текущая дата: 17.11.2024