Белорусский портал в Казахстане

Беларусь і Расія "значна прасунуліся" на шляху інтэграцыі, хаця так і "не знайшлі ў сабе сіл" рэалізаваць тое, што першапачаткова было задумана саюзным дагаворам



Пра гэта заявіў Аляксандр Лукашэнка ў інтэрв`ю тэлеканалу Russia Today падчас візіту ў Санкт-Пецярбург 15 сакавіка.

"Але мы з часам прыйшлі да таго, што, напэўна, мы не паспелі яшчэ да гэтага", — дадаў ён.

"У свой час мы выпрацавалі дагавор аб будаўніцтве Саюзнай дзяржавы. Калі вы адкрыеце яго і паглядзіце, вы ўбачыце, што там ёсць пэўны план дзеянняў па будаўніцтве гэтай Саюзнай дзяржавы, якую мы задумалі, і асноўныя складнікі гэтай Саюзнай дзяржавы. Ну, наогул, як належыць: агульныя органы кіравання, валюта, якая яны будзе і як, ну і парадак дзеянняў. Мы павінны былі правесці рэферэндум, на якім прыняць своеасаблівую канстытуцыю гэтага ўтварэння. Выпрацаваць, ды і прыняць — а як інакш? Хаця дагавор пэўныя элементы канстытуцыі ўтрымлівае і план. Ну, мы гэты рэферэндум не правялі і адпаведную канстытуцыю не прынялі", — канстатаваў Лукашэнка.

У той жа час, лічыць ён, "працэс Саюзнай дзяржавы, яе будаўніцтва дало штуршок вельмі цікаваму новаму ўтварэнню — Мытнаму саюзу, а цяпер Адзінай эканамічнай прасторы". "Якія мы зараз спрабуем пераўтварыць у Еўразійскі эканамічны саюз", — дадаў Лукашэнка.

На пытанне, ці згодны ён з меркаваннем, што Еўразійскі эканамічны саюз з`яўляецца "некаторай спробай аднавіць міні-Савецкі Саюз", беларускі кіраўнік адказаў: "Параўноўваць можна з Савецкім Саюзам, можна — з Еўрапейскім саюзам, з любым іншым. Але калі мы з саюзамі параўноўваем, мы гаворым аб тым, што ў свеце наогул ідзе такі паўсюдны працэс інтэграцыі, утварэнне саюзаў. Паглядзіце, Азіяцка-Ціхаакіянскі саюз, потым МЕРКОСУР у Лацінскай Амерыцы (вось нядаўна з Венесуэлы прыехаў) і гэтак далей. Усюды адбываюцца вось гэтыя вось утварэнні, для таго каб у гэтай канкурэнтнай барацьбе выжываць".

"Чаму мы не можам выкарыстаць вопыт Савецкага Саюза ў выбудоўванні нашых адносінаў?" — пацікавіўся ў сваю чаргу Лукашэнка.

БелаПАН
Мінск, 18 сакавіка 2013

Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/17-0/61/19950
Текущая дата: 17.11.2024