Белорусский портал в Казахстане

Аляксандр Лукашэнка задаволены ўзроўнем супрацоўніцтва з "Газпромам" і вітае "вялікія інвестыцыі", з якімі гэтая расійская кампанія ідзе ў Беларусь



Пра гэта ён заявіў 22 лістапада, прымаючы старшыню праўлення ААТ "Газпром" Аляксея Мілера.

Мілер прыбыў у Беларусь на адкрыццё газаразмеркавальнай станцыі  "Заходняя" пад Мінскам.

"Я з вялікім задавальненнем адзначаю, што ў нас няма, як гэта было заўсёды раней, такога, што новы год пачынаецца, а ў нас аб`ёмы дзесьці не складваюцца, што мы па цэнах не дамовіліся на прыродны газ. Па-мойму, такіх ужо ў нас вострых пытанняў сёння не ўзнікае", — цытуе Лукашэнку дзяржаўнае агенцтва БелТА.

На думку кіраўніка дзяржавы, супрацоўніцтва Беларусі з "Газпромам" выйшла на новы ўзровень.

"Ведаю, што і мы прапрацавалі шэраг сумесных праектаў з "Газпромам", і вы, магчыма, прапануеце новыя праекты, — сказаў Лукашэнка, звяртаючыся да Мілера. — Прынамсі, па тых праектах, якія прапаноўваліся раней, знойдзены кірункі супрацоўніцтва, якія задавальняюць абодва бакі. Мы іх можам абмеркаваць з вамі, але рашэнне знойдзена".

"Мы з вялікім задавальненнем вітаем тое, што "Газпром" больш рашуча з вялікімі інвестыцыямі ідзе ў Беларусь. Мы гэта падтрымліваем, нам гэта выгадна", — падкрэсліў Лукашэнка і дадаў, што такое супрацоўніцтва выгаднае і "Газпрому".

БелаПАН
Мінск, 22 лістапада 2012

Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/17-0/65/17803
Текущая дата: 17.11.2024