Белорусский портал в Казахстане

Беларускі ўрад не бачыць праблем у цікавасці Расіі да росту экспарту з Беларусі растваральнікаў і разбавіцеляў



Аб гэтым журналістам у Мінску 28 чэрвеня заявіў віцэ-прэм`ер Сяргей Румас.

"У рамках Мытнага саюза яны (расійскі ўрад. — БелаПАН.) бачаць, што па некаторых пазіцыях у нас вырас экспарт. І яны гэтае пытанне вывучаюць. Мы таксама вывучаем, чым яны займаюцца. Не бачу тут ніякіх праблем", — сказаў Румас.

Між тым, як паведамлялася раней, Мінфін Расіі апасаецца, што Беларусь пад выглядам арганічных растваральнікаў экспартуе нафту і нафтапрадукты. У прыватнасці, 28 чэрвеня намеснік міністра фінансаў  РФ Сяргей Шаталаў заявіў: "Мы сутыкнуліся з тым, што ў некалькі разоў з Беларусі вырас экспарт арганічных растваральнікаў на знешні рынак. Мы апасаемся, што гэты тавар — прыкрыццё. Не выключана, што пад выглядам растравальнікаў экспартуюцца нафтапрадукты".

Шаталаў падкрэсліў, што расійскі бок разбіраецца з гэтай інфармацыяй і спрабуе прыняць адпаведныя меры. "Будзем дамаўляцца з беларускімі калегамі", — сказаў ён.

Намеснік міністра фінансаў РФ нагадаў, што цяпер расійскі бюджэт губляе сур`ёзныя даходы, паколькі пры пастаўках нафты і нафтапрадуктаў унутры Мытнага саюза не збіраюцца экспартныя пошліны.

"Гаворка ідзе пра многія мільярды долараў. Ёсць пэўныя кампенсацыйныя механізмы. Беларусь пры экспарце нафты і нафтапрадуктаў са сваёй тэрыторыі павінна збіраць экспартныя пошліны па расійскіх стаўках і пералічваць іх у бюджэт РФ", — сказаў Шаталаў, дадаўшы, што такая мера толькі часткова кампенсуе страты расійскага бюджэту.

У адпаведнасці з дзейнымі пагадненнямі Беларусь у абмен на бяспошлінную нафту і нафтапрадукты абавязана пералічваць у расійскі бюджэт пошліны ад экспарту нафтапрадуктаў за межы Мытнага саюза. Летась Расіі ў выглядзе нафтавых пошлін было пералічана больш чым 3 млрд. долараў. Аднак пры экспарце разбавіцеляў і растваральнікаў уся выручка застаецца ў Беларусі, пошліны ў бюджэт РФ беларускі бок не плаціць.

6 чэрвеня на прэс-канферэнцыі ў Мінску пасол РФ Аляксандр Сурыкаў заявіў: расійскі бок звярнуў увагу на тое, што імпарт расійскіх нафтапрадуктаў Беларуссю ў апошнія гады вырас у разы, у тым ліку ў 2012 годзе — у чатыры разы.

Прааналізаваць сітуацыю з экспартам нафтапрадуктаў з Беларусі даручыў профільным ведамствам прэм`ер-міністр Расіі Дзмітрый Мядзведзеў.

Андрэй Кажамякін, БелаПАН
Мінск, 28 чэрвеня 2012

Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/17-0/69/14874
Текущая дата: 23.12.2024