Аб гэтым заявіў прэзідэнт Расіі Уладзімір Пуцін 24 жніўня на сустрэчы з новым расійскім паслом і спецпрадстаўніком прэзідэнта РФ па развіцці гандлёва-эканамічнага супрацоўніцтва з Рэспублікай Беларусь Міхаілам Бабічам, паведамляе прэс-служба Крамля.
"Гэта не толькі краіна, з якой мы мяжуем, гэта краіна, перш за ўсё, з якой нас звязваюць асаблівыя адносіны: і гістарычныя, і этнічныя, і моўныя, і эканамічныя, — сказаў Пуцін. — Беларусь з`яўляецца членам і АДКБ, і ЕАЭС. Мы будуем яшчэ зусім адмысловы фармат, выбудоўваем Саюзную дзяржаву. Так што напрамкаў дзейнасці вельмі шмат. Вы будзеце займацца не толькі дыпламатычнай працай, але і працай у сферы эканомікі, прадстаўляючы інтарэсы Расіі як спецпрадстаўнік. Разлічваю, маючы на ўвазе ваш вопыт дзяржаўнай працы на самых розных, вельмі высокіх пасадах, што гэты адказны ўчастак будзе ў вашых надзейных руках".
Паводле слоў Пуціна, ён мае намер рэгулярна сустракацца з новым паслом. "Будзеце дакладваць аб тым, як ідзе гэтая праца. Разлічваю, што будзеце ўплываць на ўсе гэтыя працэсы, якія адбываюцца ў нашых міждзяржаўных адносінах самым пазітыўным і самым актыўным чынам", — сказаў расійскі прэзідэнт.
У сваю чаргу Бабіч адзначыў, што Беларусь з`яўляецца для Расіі "найважнейшым геапалітычным і ваенным саюзнікам, акрамя таго, з`яўляецца найбуйнейшым эканамічным партнёрам".
"Тавараабарот толькі ў 2017 годзе, як вы сказалі, склаў ужо больш за два трыльёны рублёў. Вы паставілі задачу найбліжэйшым часам выйсці на рубеж 50 мільярдаў долараў, — сказаў Бабіч. — І, вядома, нават перш за ўсё, народ Рэспублікі Беларусь з`яўляецца братнім народам для расіян. І вышэйшая форма інтэграцыі, якая існуе паміж Расіяй і Беларуссю — Саюзная дзяржава, — гэта тое, над чым вы так доўга працавалі з прэзідэнтам Рэспублікі Беларусь Аляксандрам Рыгоравічам Лукашэнкам".
Паводле слоў Бабіча, ураду Расіі і Адміністрацыі прэзідэнта з беларускімі партнёрамі "цяпер трэба будзе зрабіць усё, каб дамоўленасці, дасягнутыя паміж кіраўнікамі дзяржаў, былі практычным чынам рэалізаваныя".
Бабіч лічыць, што паўнамоцтвы спецыяльнага прадстаўніка прэзідэнта па гандлёва-эканамічных адносінах "дазволяць значна павысіць эфектыўнасць гэтай працы". "Маштаб пастаўленых задач разумею, усведамляю сваю асабістую адказнасць і зраблю ўсё, каб апраўдаць ваш давер", — сказаў Бабіч.
Таццяна Каравянкова, БелаПАН
Мінск, 24 жніўня 2018
Мінск, 24 жніўня 2018
Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/17-1/12/44645
Текущая дата: 23.11.2024