Па словах афіцыйнага лідара, Расія для Беларусі з`яўляецца ключавым знешнім партнёрам.
"Мы заўсёды падкрэслівалі значнасць гэтага ўзаемадзеяння. Усебаковы характар нашых адносін мае сур`ёзнае значэнне не толькі для Беларусі, але таксама і для Расіі. Яны будуюцца на сістэмнай і, самае галоўнае, планавай аснове", — цытуе Лукашэнку яго прэс-служба.
Беларускі кіраўнік адзначыў, што па ўсіх пытаннях дамоўленасцей з Расіяй у Саюзнай дзяржаве і ў цэлым у плане адносін не толькі як з партнёрамі, але і як брацкай, блізкай Беларусі дзяржавай, рашэнні прынятыя. "І на Вышэйшым дзяржаўным савеце, і на саюзным Саўміне, і ў двухбаковым фармаце падпісаны многія пагаднення. На жаль, як я часта кажу, яны не ўсе выконваюцца", — сказаў ён.
Лукашэнка нагадаў, што паўгода таму на ўзроўні ВДС былі зацверджаны прыярытэтныя напрамкі і першачарговыя задачы развіцця Саюзнай дзяржавы на наступныя пяць гадоў: "Ёсць праграма дзеянняў. Мы доўга да яе рыхтаваліся, вычлянялі кожнае пытанне, узгаднілі і прапісалі ўсё, на што здольныя мы і на што здольная была найперш Расійская Федэрацыя. У плане падрыхтоўкі ў тыя часы многія нашы прапановы аб больш цеснай інтэграцыі не былі падтрыманы".
У цэлым, паводле слоў Лукашэнкі, ахоплены вельмі шырокі спектр пытанняў: макраэканоміка, бюджэтная, прамысловая і знешняя палітыка, транспартная прастора і міграцыя, ахова здароўя і культура. "Па ўсіх напрамках былі прыняты пэўныя планы. Мы ўшчыльную наблізіліся да стварэння адзінага паліўна-энергетычнага рынку, ідзём да фарміравання агульнай прававой прасторы Саюзнай дзяржавы", — заявіў беларускі кіраўнік.
Нарада адбылося напярэдадні сустрэчы Лукашэнкі і прэзідэнта РФ Уладзіміра Пуціна ў Маскве. Галоўным пытаннем, па словах афіцыйнага лідара Беларусі, стане падатковы манеўр Расіі ў нафтавай сферы і яго наступствы для беларускага бюджэту. Мінск ацэньвае іх у 10,8 млрд долараў ЗША.
Масква ўвязвае далейшае льгатаванне беларускай эканомікі са ступенню інтэграцыі дзвюх краін. Расія гатовая і далей прасоўвацца па шляху будаўніцтва Саюзнай дзяржавы, уключаючы стварэнне адзінага эмісійнага цэнтра, адзінай мытнай службы, суда, падліковай палаты, заявіў 13 снежня расійскі прэм`ер-міністр Дзмітрый Мядзведзеў на пасяджэнні саюзнага Саўміна ў Брэсце.
Паводле інфармацыі расійскіх СМІ, 11 снежня на сустрэчы з дэлегацыяй з Беларусі віцэ-прэм`ер РФ Дзмітрый Козак не стаў абмяркоўваць кампенсацыю страт ад падатковага манеўру і даванне зніжкі на газ "да прыняцця прынцыповых рашэнняў аб руху ў кірунку далейшай інтэграцыі Расіі і Беларусі ў рамках Саюзнай дзяржавы".
Дзмітрый Уласаў, БелаПАН
Мінск, 24 снежня 2018
Мінск, 24 снежня 2018
Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/17-1/12/46213
Текущая дата: 23.11.2024