14 верасня пачынаюцца беларуска-расійскія стратэгічныя вучэнні "Захад-2017". Іх тэма — "Падрыхтоўка і прымяненне груповак войскаў у інтарэсах забеспячэння ваеннай бяспекі Саюзнай дзяржавы".
Вучэнні пройдуць на шасці палігонах у Беларусі (Барысаўскім, Даманаўскім, Ружанскім, Лепельскім, Ласвіда і Асіповіцкім), а таксама ў раёне Дрэтуні і Глыбокага (Віцебская вобласць), і на трох палігонах у Расіі.
Паводле апошніх дадзеных Мінабароны Беларусі, на беларускай тэрыторыі будзе задзейнічана 10 тысяч 175 ваеннаслужачых, у тым ліку 3 тысячы 100 — расійскіх, 138 танкаў (у тым ліку 98 расійскай арміі), баявых браніраваных машын — 231 (104), артылерыйскіх сістэм і рэактыўных сістэм залпавага агню — 142 (32), самалётаў і верталётаў — 49 (27).
Расійская авіяцыя перабазавалася на беларускія аэрадромы 12 верасня.
Заяўленыя мэты вучэнняў гучаць так: удасканаленне аператыўнай сумяшчальнасці штабоў розных узроўняў, а таксама спалучэнне перспектыўных сістэм кіравання войскамі і зброяй; апрабацыя палажэнняў новых статутных дакументаў, распрацаваных ва ўзброеных сілах Расіі і Беларусі; атрыманне практыкі камандуючымі, камандзірамі і штабамі па планаванні мерапрыемстваў ваеннага характару па стабілізацыі становішча і кіраванні войскамі ў ходзе іх правядзення.
Як заявіў 29 жніўня кіраўнік вучэнняў з беларускага боку начальнік Генеральнага штаба Узброеных сіл Беларусі генерал-маёр Алег Белаконеў, задума вучэнняў улічвае "сучасныя падыходы да прымянення войскаў на аснове вопыту ўзброеных канфліктаў апошніх гадоў, мерапрыемстваў аператыўнай падрыхтоўкі, а таксама форм і спосабаў прымянення войскаў, выпрацаваных ва ўзброеных сілах дзвюх дзяржаў".
Паводле яго слоў, зыходзячы з падзей, якія адбываюцца ў краінах Блізкага Усходу і Еўропе, у аснову задумы вучэнняў пакладзены адзін з такіх варыянтаў узнікнення крызіснай сітуацыі і нарастання канфлікту, звязаных з узрастаннем актыўнасці незаконных узброеных фарміраванняў, міжнародных сепаратысцкіх і тэрарыстычных арганізацый, якія маюць знешнюю падтрымку.
Бакі, якія проціборнічаюць, умоўна размешчаны ў межах рэальных межаў Беларусі. Паводле задумы вучэнняў, з аднаго боку дзейнічаюць "паўночныя", якія ўключаюць Саюзную дзяржаву, з другога — "заходнія": кааліцыя зацікаўленых дзяржаў (выдуманыя краіны Вейшнорыя, Весбарыя, Лубен). Умоўная дзяржава Вейшнорыя размешчана ў паўночна-заходняй частцы рэальнай тэрыторыі Беларусі.
У аснову розыгрышаў практычных эпізодаў пакладзены варыянты сумесных дзеянняў беларускіх і расійскіх часцей і падраздзяленняў, якія ўваходзяць у склад рэгіянальнай групоўкі войскаў, пры ўдзеле ў прыкрыцці участкаў дзяржмяжы, ахове і абароне ваенных аб`ектаў, блакаванні і ліквідацыі дыверсійна-разведвальных груп і незаконных узброеных фарміраванняў, а таксама вядзенні абарончага бою ў выпадку ўварвання на тэрыторыю Саюзнай дзяржавы.
Вучэнні пройдуць у два этапы. На першым этапе (14—16 верасня) аб`яднаным камандаваннем рэгіянальнай групоўкі войскаў "мяркуецца ажыццявіць завяршэнне падрыхтоўкі войскаў да баявога прымянення па ізаляцыі раёнаў дзеянняў незаконных узброеных фарміраванняў і дыверсійна-разведвальных груп праціўніка, нарошчванне групоўкі ВПС і войскаў СПА для прыкрыцця важных дзяржаўных і ваенных аб`ектаў, падрыхтоўку да адбіцця магчымай агрэсіі, а таксама адпрацоўку пытанняў арганізацыі ўсебаковага забеспячэння створаных груповак войскаў".
На другім этапе (17—20 верасня) плануецца адпрацаваць пытанні кіравання войскамі ў ходзе вядзення ваенных дзеянняў пры адбіцці агрэсіі супраць Саюзнай дзяржавы ва ўмовах сітуацыі, якая хутка змяняецца, арганізацыі ўзаемадзеяння і ўсебаковага забеспячэння ў інтарэсах вырашэння пастаўленых задач.
Вучэнні плануюць сумесна праінспектаваць Аляксандр Лукашэнка і Уладзімір Пуцін. Як паведаміў журналістам 1 верасня прэс-сакратар прэзідэнта РФ Дзмітрый Пяскоў, кіраўнікі дзяржаў маюць намер наведаць ваенны палігон у адным з расійскіх рэгіёнаў.
Чакаецца, што за вучэннямі будуць сачыць каля 80 замежных назіральнікаў ад Латвіі, Літвы, Польшчы, Украіны, Эстоніі, Швецыі і Нарвегіі, ААН, АБСЕ, НАТА, СНД, АДКБ, Міжнароднага камітэта Чырвонага Крыжа, а таксама акрэдытаваныя ў Мінску ваенныя аташэ.
Беларускае ваенна-палітычнае кіраўніцтва неаднаразова заяўляла, што вучэнні носяць выключна абарончы характар і што расійскія вайскоўцы пакінуць тэрыторыю Беларусі да 30 верасня. У гэтым сумняваюцца прадстаўнікі Захаду і беларуская апазіцыя, якія асцерагаюцца, што пасля вучэнняў расійскія войскі могуць застацца на тэрыторыі Беларусі.
8 верасня ў Мінску прайшлі вулічныя акцыі супраць вучэнняў "Захад-2017". Дэманстранты выказалі пратэст уцягванню Беларусі ў супрацьстаянне Расіі з Украінай і НАТА, а таксама заявілі аб сваёй гатоўнасці "бараніць незалежнасць Беларусі са зброяй у руках".
Вячаслаў Будкевіч, БелаПАН
Мінск, 14 верасня 2017
Мінск, 14 верасня 2017
Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/17-1/13/40737
Текущая дата: 23.11.2024