Белорусский портал в Казахстане

Магчымасці пашырэння інфармацыйнага забеспячэння будаўніцтва Саюзнай дзяржавы будуць разгледжаны на пасяджэнні Камісіі Парламенцкага сходу Саюза Беларусі і Расіі па інфармацыйнай палітыцы



Яно адбудзецца 5 чэрвеня ў Маскве, паведамілі ў прэс-службе сходу.

Парламентарыі абмяркуюць пытанні, звязаныя з удасканаленнем дзейнасці тэлеканала "ТРА" ў 2013 годзе і наступных гадах (пашырэнне зоны вяшчання, павелічэнне арыгінальнага эфірнага вяшчання), асвятленнем пытанняў будаўніцтва Саюзнай дзяржавы ў праграмах і перадачах Белтэлерадыёкампаніі, а таксама мерапрыемствамі Міністэрства сувязі і масавых камунікацый Расіі, якія праводзяцца ў 2013 годзе, па развіццю супрацоўніцтва ў сферы друку і інфармацыі паміж Беларуссю і РФ, уключаючы інфармацыйную прастору Саюзнай дзяржавы.

Акрамя таго, парламентарыі разгледзяць справаздачу аб дзейнасці Тэлерадыёвяшчальнай арганізацыі Саюзнай дзяржавы за 2012 год і абмяркуюць справаздачу Савета Міністраў Саюзнай дзяржавы аб выкананні бюджэту Саюзнай дзяржавы за 2011 год.

Акрамя дэпутатаў Парламенцкага сходу ў мерапрыемствах прымуць удзел прадстаўнікі Міністэрства інфармацыі Беларусі, Міністэрства сувязі і масавых камунікацый РФ, Тэлерадыёвяшчальнай арганізацыі Саюзнай дзяржавы, Нацыянальнай дзяржаўнай тэлерадыёкампаніі Беларусі, Пастаяннага камітэта Саюзнай дзяржавы.

У рамках правядзення пасяджэння камісіі дэпутаты Парламенцкага сходу плануюць наведаць рэдакцыю газеты "Союзное вече", правесці сустрэчу з кіраўніцтвам і творчым калектывам Тэлерадыёвяшчальнай арганізацыі Саюзнай дзяржавы ў тэлецэнтры "Астанкіна".

3 чэрвеня 2013, Масква
Эдуард Півавар - БЕЛТА

Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/17-1/19/21461
Текущая дата: 23.12.2024