Белорусский портал в Казахстане

Беларусь і Расія рыхтуюць новыя саюзныя праграмы ў галіне ядзернай і радыяцыйнай бяспекі



Пра гэта паведаміла начальніца Дзяржатамнагляду Вольга Лугоўская.

«Ужо падрыхтаваны праекты дзвюх саюзных праграм. Адна з іх датычыцца развіцця інфраструктуры па абыходжанню з радыеактыўнымі адходамі. Яна звязана са збудаваннем у нашай краіне пункта пахавання радыеактыўных адходаў, але будзе ахопліваць больш шырокае кола пытанняў, напрыклад, звязаных з развіццём кадравага патэнцыялу, распрацоўкай нарматыўных дакументаў, правядзеннем даследчых работ», — сказала Вольга Лугоўская.

Другая праграма з умоўнай назвай «Дэтэктары і крышталі» звязана з сістэмай радыяцыйнага кантролю: спектрометры, радыёметры, дазіметры, аналізатары радыяцыйнага становішча і іншыя прыборы.

«Для гэтага прыборнага парку патрабуецца перыядычнае абнаўленне і рамонт абсталявання, каб сістэма ў цэлым працягвала выконваць свае функцыі. Пытанні, якія тычацца кампанентнай базы для вытворчасці гэтых прыбораў, вельмі актуальныя ва ўмовах санкцый. У 1990-2000-я гэтаму не надавалася дастатковай увагі ні ў нас, ні ў Расійскай Федэрацыі, а зараз стаіць пытанне адраджэння галіны», — адзначыла начальніца Дзяржатамнагляду.

Паралельна працягваецца праца па чарнобыльскай тэматыцы. «З намі ўзаемадзейнічае МНС Расіі. Праект праграмы сумеснай дзейнасці ў рамках Саюзнай дзяржавы ў высокай ступені гатоўнасці. Спадзяемся, саюзная праграма будзе запушчана з 2025 года. Акрамя таго, інтэнсіўна распрацоўваецца саюзная праграма ў галіне аварыйнай гатоўнасці і рэагавання па лініі МНС Беларусі і Расіі». , - звярнула ўвагу Вольга Лугоўская.

У перспектыве з улікам эксплуатацыі БелАЭС ёсць прапановы па праграме, якая будзе датычыцца рэгулявання бяспекі выкарыстання аб’ектаў атамнай энергіі. «Разам з Растэхнаглядам мы будзем гэтую праграму распрацоўваць», — удакладніла начальніца Дзяржатамнагляду.

Звязда, 8 студзеня 2024

Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/17-1/2/72047
Текущая дата: 23.11.2024