Белорусский портал в Казахстане

Рапота: Пытанне аб уласнасці Саюзнай дзяржавы можа вырашыцца на пасяджэнні Дзяржсавета ў снежні



Шэраг даўніх праблем Саюзнай дзяржавы Расіі і Беларусі, у тым ліку праблема ўласнасці, могуць быць вырашаны на пасяджэнні Вышэйшага дзяржсавета, якое запланавана на снежань, паведаміў дзяржсакратар Саюзнай дзяржавы Рыгор Рапота.

"Паводле папярэдняй дамоўленасці паміж кіраўнікамі дзяржаў (пасяджэнне) Дзяржсавета павінна адбыцца ў снежні. Дата канчаткова пакуль не вызначана. Я мяркую, што гэта будзе недзе ў сярэдзіне (месяца)", — сказаў Рапота.

Дзяржсавету будзе папярэднічаць пасяджэнне Савета міністраў, якое, хутчэй за ўсё, пройдзе ў другой палове кастрычніка ў Маскве. А дагэтуль на ўзроўні віцэ-прэм`ераў пройдзе пасяджэнне групы высокага ўзроўню, паведаміў дзяржсакратар.

Паводле яго слоў, да пасяджэння Дзяржсавета набралася шмат пытанняў.

"Па-першае, шэраг пытанняў, звязаных з нашай унутранай арганізацыяй. Мы паспрабуем унесці некаторыя карэктывы, якія, на наш погляд, зробяць нашу працу больш эфектыўнай. Па-другое, у нас ёсць шэраг праграм і праектаў, што патрабуюць ухвалення і бюджэтных асігнаванняў. Што менавіта будзе вынесена на Дзяржсавет, дакладна сказаць не магу", — зазначыў Рапота.

Ён спадзяецца, што да канца гэтага года будзе вырашана пытанне з уласнасцю Саюзнай дзяржавы.

"Ёсць два віды ўласнасці, якія стварае Саюзная дзяржава. Першы від — гэта ўласнасць, якую мы ўмоўна называем інфраструктурай". Напрыклад, пабудаваны на бюджэтныя сродкі пункт пераходу на беларуска-літоўскай ці на расійска-ўкраінскай межах. Кошт такой уласнасці вылічваецца мільярдамі рублёў. А ёсць інтэлектуальная, навукова-тэхнічная ўласнасць. Гэта — стварэнне новых прадуктаў, якія маюць добрую будучыню, гэта — біятэхналогіі, прадукты ў медыцыне і іншых сферах. Гэту ўласнасць і ацэньваць цяжэй, і цяжэй будзе вызначыцца, што з ёю рабіць", — сказаў дзяржсакратар.

На яго думку, вырашэнне пытання з уласнасцю Саюзнай дзяржавы сапраўды зацягнулася. "Зараз мы спрабуем выправіць сітуацыю, каб да канца гэтага года прыняць радыкальныя (меры) і закрыць гэта пытанне. Не раскрываючы кухні, магу сказаць, што ў нас ёсць розныя варыянты, на адным з іх мы спынімся і да канца года скажам, каму будзе належаць (уласнасць Саюзнай дзяржавы)", — паведаміў ён.

Рапота паведаміў таксама, што ў новай праграме ўмацавання пагранічнай бяспекі Саюзнай дзяржавы няма прынцыповых адрозненняў ад ранейшай, тэрмін дзеяння якой закончыўся.

"Новая праграма будзе працягам праграмы па ўмацаванні знешняга перыметра Саюзнай дзяржавы, якая дзейнічала раней... Канцэпцыя (новай праграмы) ужо прынята, але праграма канчаткова не сфарміравана, праца над ёю працягваецца. Аднак мы ўпэўнены, што праграма таксама будзе прынята да канца года. Апошнюю кропку павінен паставіць Дзяржсавет", — сказаў Рапота.

Паводле яго слоў, у праграме вырашаюцца пытанні, звязаныя з далейшым абуладкаваннем мяжы, з аснашчэннем пагранічнікаў тэхнікай, абсталяваннем, іх прафесійнай падрыхтоўкай.

БелаПАН
Мінск, 19 верасня 2012

Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/17-1/20/16505
Текущая дата: 23.11.2024