Белорусский портал в Казахстане

Аляксандр Лукашэнка: Размова аб тым, што Беларусь і Расія адмаўляюцца ад свайго суверэнітэту, ісці не можа



Прэзідэнт Беларусі правёў нараду па пытаннях выканання інтэграцыйных праграм Саюзнай дзяржавы.

Падпісваючы пакет з 28 саюзных праграм, Рэспубліка Беларусь перш за ўсё арыентавалася на стварэнне роўных умоў гаспадарання, безбар’ернага асяроддзя для гандлю таварамі і паслугамі шляхам паэтапнага збліжэння заканадаўства. Пры гэтым для Беларусі прынцыповымі ў інтэграцыйным пакеце з’яўляліся кошты на газ (як на 2022 год, так і ў наступныя перыяды), умовы пастаўкі нафты, адкрыццё доступу на расійскі рынак прамысловай і сельскагаспадарчай прадукцыі. 

Дваццаць восем галіновых праграм былі прынятыя 4 лістапада 2021 года на Вышэйшым Дзяржаўным Савеце Саюзнай Дзяржавы. Аляксандр Лукашэнка назваў іх праграмай дзеянняў Беларусі і Расіі на настпуны перыяд. Ён нагадаў, што падчас прыняцця праграм беларускі і расійскі бок дамовіліся, што іх рэалізацыя дасць магчымасць істотна прайсці наперад на шляху забеспячэння роўных правоў грамадзян і суб’ектаў гаспадарання дзвюх краін. «Гэта аснова, на якой мы будуем адносіны з брацкай Расіяй — роўныя ўмовы для людзей і прадпрыемстваў. Менавіта таму мы пайшлі на комплексныя рашэнні шматлікіх пытанняў супрацоўніцтва з Расійскай Федэрацыяй», — сказаў Прэзідэнт. 

Перш за ўсе, па словах кіраўніка дзяржавы, гэта датычыцца інтэграцыі ў эканамічнай сферы, фундамента стварэння ўмоў для кааперацыі прадпрыемстваў абедзвюх краін. У праграмах і ведамасных планах змяшчаецца каля тысячы мерапрыемстваў па іх рэалізацыі, устаноўлены канкрэтныя тэрміны і адказныя асобы.

«Больш за 70 працэнтаў такіх мерапрыемстваў ужо выканана. Аднак частка важных для нас ідзе з адставаннем ад узгодненых графікаў. Мне дакладваюць, што па шэрагу пытанняў марудна рухаюцца нашы расійскія партнёры. Я заўсёды кажу: не бывае нехта адзін вінаваты, а другі добры. Недзе і мы недапрацоўваем», — заўважыў беларускі лідар. Праведзена істотная работа па фармаванні і карэкціроўцы дагаворна-прававой базы міждзяржаўнага супрацоўніцтва. Але, звярнуў увагу Аляксандр Лукашэнка, нягледзячы на выкананне большасці мерапрыемстваў, заўважных зрухаў у сферах энергетыкі, прамысловасці, транспарту Рэспубліка Беларусь пакуль не адчула.

«Выкананне праграм па фармаванні аб’яднаных рынкаў газу, нафты і нафтапрадуктаў запатрабавала вынясення пытання на вышэйшы ўзровень. У ходзе снежаньскіх перагавораў з Прэзідэнтам Расіі неабходныя развязкі былі знойдзены. Як мінімум на тры гады Цяпер ідзе работа над замацаваннем — дасягнутых дамоўленасцяў у адпаведных дакументах», — адзначыў ён. 

«Гаворка не ідзе аб страце суверэнітэту»

Адзін з важных напрамкаў — гарманізацыя падатковага заканадаўства. «Гэта натуральна, калі мы патрабуем ад Расіі роўных умоў і іншае. Натуральна з гэтага выцякае гарманізацыя нашых падаткаў, якія выплачваюць суб’екты гаспадарання і людзі», — сказаў кіраўнік дзяржвы.

Гаворачы аб каардынацыі падатковага і мытнага кантролю на граніцах Саюзнай дзяржавы, Прэзідэнт зрабіў акцэнт на тым, што ўсё павінна быць празрыста: «Расіяне тут абсалютна не супраць, каб у любую кропку беларускія прадстаўнікі, як і яны, прыехалі і паглядзелі, чым дыхае граніца. Адсочванне тавараў, кантроль за рухам тавараў, пагадзіцеся гэта важна для любой дзяржавы». 

У рамках гэтай работы ўнесена прапанова аб ратыфікацыі Дагавора аб агульных прынцыпах падаткаабкладання па ўскосных падатках. Але, як адзначыў кіраўнік дзяржавы, перш чым яго падпісаць, трэба яшчэ раз вярнуцца да пытанняў, якія ўзнікаюць з падатковым і мытным заканадаўстам, пачуць, ці ўсе нашы інтарэсы і прапановы ў ім улічаны. Перш за ўсё, з беларускага боку. «Той рэдакцыяй, у якой Дагавор падпісаны, прадугледжваецца ў ліку іншага стварэнне Наднацыянальнага падатковага камітэта, які, вядома, ж не з’яўляецца міністэрствам. У яго будуць пэўныя функцыі і паўнамоцтвы. Скажу шчыра, мяне бянтэжыць сама назва — наднацыянальны. Хачу пачуць тлумачэнні па гэтым пытанні», — сказаў Аляксандр Лукашэнка.

Прэзідэнт акцэнтаваў увагу, што пры гэтым размова не ідзе аб страце нейкай часткі нашага суверэнітэту. «Як устанаўліваліся падаткі і законы прымаліся раней у Беларусі, так і будуць прымацца. Тым больш у гэтым плане мы ўжо Падатковы кодэкс адпрацавалі, ён дзейнічае. Што да канкрэтных падаткаў, натуральна сітуацыя будзе ў руху і падаткі гэтыя будуць павялічвацца ці змяншацца, што адбывалася штогод. Мы незалежныя ў прыняцці рашэнняў у гэтай значнай сферы, мяркуецца толькі больш цесная каардынацыя дзейнасці з расійскімі калегамі», — растлумачыў ён. Менавіта для каардынацыі ствараецца гэты невялікі орган, які будзе налічваць каля 10 чалавек. База працы гэтай камісіі, арганізацыі, камітэта — гэта заканадаўства дзвюх незалежных суверэнных дзяржаў. Аналагічныя падыходы і ў мытнай сферы.

«У рамках гэтых пагадненняў важна выпрацоўваць агульныя канцэптуальныя падыходы і правілы, якімі павінны кіравацца адпаведныя нацыянальныя органы Беларусі і Расіі, а не пераправяраць адзін аднаго або хадзіць следам на праверкі. Такіх паўнамоцтваў у гэтага органа не будзе», — канстатаваў Прэзідэнт. 

«Спешкі быць не павінна»

Па словах Аляксандра Лукашэнкі, вядома, эканамічная інтэграцыя з Расіяй будзе паглыбляцца. Але пра новы пакет інтэграцыйных дакументаў можна будзе казаць толькі пасля выканання папярэдняга ў поўным аб’ёме. " Не выканалі хоць адзін пункт — ні аб якім новым пакеце інтэграцыйных дакументаў размовы быць не можа. Аб гэтым мы цвёрда дамовіліся з Прэзідэнтам Расійскай Федэрацыі на апошняй сустрэчы ў Санкт-Пецярбургу«, — падкрэсліў ён.

Прэзідэнт арыентуе на неабходнасць максімальна актывізаваць дзейнасць па рэалізацыі саюзных праграм. Недапушчальныя зацягванні і марудства ў прыняцці рашэнняў. Але і спешкі быць не павінна. Па яго словах, калі будзе знойдзена памылка, адкруціць сітуацыю будзе немагчыма пасля таго, як гэтыя рашэнні будуць замацаваныя ў заканадаўстве дзвюх краін. «Асабліва цяпер, калі нашы краіны разам супрацьстаяць ашалеламу санкцыйнаму ціску гэтага так званага калектыўнага Захаду», — сказаў беларускі лідар. 

Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што выкананне інтэграцыйных праграм Саюзнай дзяржавы — гэта пытанне эканомікі і адказнасць двух Урадаў, двух прэм’ер-міністраў. «Усе пытанні, якія вы выносілі на ўзроўні прэзідэнтаў, вырашаны, развязкі знойдзены, жывём у нармальных умовах», — адзначыў ён. Па словах кіраўніка дзяржавы, расійскі бок пайшоў насустрач усім просьбам беларускіх калег. 

«Размова аб тым, што Беларусь і Расія адмаўляюцца ад свайго суверэнітэту, не ішла і на сёння не ідзе і ісці не можа. Проста няма неабходнасці ў гэтым. Мы яшчэ ў тым фармаце, у якім супрацоўнічаем з Расіяй, не выпрацаваліся. Калі мы ўбачым, што нечага не хапае, трэба прымаць дадатковыя рашэнні ў плане інтэграцыі, збліжэння эканомік дзяржаў, тады мы на гэта пойдзем», — кастатаваў Прэзідэнт. Ён падкрэсліў, што гэта асноўная прычына, па якой ён запрасіў на гэтую нараду кіраўнікоў асноўных ведамстваў і дзяржаўных арганізацый, заключаецца ў тым, каб яны не думалі, што за іх спінамі вырашаюцца нейкія пытанні. «Гэты працэс адкрыты, сумленны і прынцыповы. Час падштурхоўвае нас да такога рашэння гэтых праблем», — дадаў Аляксандр Лукашэнка.

Кіраўнік дзяржавы таксама расказаў, што прыняцце Саюзных праграм не было раптоўным. Іх актыўна абмяркоўвалі службовыя адказныя асобы на Вышэйшым дзяржаўным Савеце.

«Іскрыла вельмі, калі мы гэтыя праграмы прымалі, іх былі дзясяткі. Мы пайшлі разам з расіянамі, дамовіўшыся на 28 міжгаліновых праграм. Былі прапановы і парламент стварыць, і яшчэ нешта там стварыць, і гэтак далей і да таго падобнае. Усё гэта было не прынята», — расказаў ён. Па словах беларускага лідара, час падштурхнуў прыняць гэтыя 28 праграм сацыяльна-эканамічнага характару. 

«Тыя праграмы па бяспецы, якія больш за год таму зацвярджалі, яны ўжо састарэлі. Мы ўжо ў пытаннях двухбаковай бяспекі вельмі далёка зайшлі. Жыццё нас падштурхнула, і мы пайшлі на больш цесную інтэграцыю. Трэба дзейнічаць, ісці ад жыцця. У адваротным выпадку ўсё зламаем». — рэзюмаваў Аляксандр Лукашэнка. 

Прэм’ер-міністр у сваім дакладзе адзначыў, што сёння можна казаць пра тое, што час пацвердзіў правільнасць абранага курсу. Нягледзячы на сур’ёзныя выклікі, санкцыі і гэтак далей, Беларусь і Расія развіваюць супрацоўніцтва ў сацыяльна-эканамічнай сферы і дабіваюцца ў гэтым вынікаў. Па выніках 11 месяцаў 2022 года дасягнуты гістарычны максімальны аб’ём узаемнага абароту таварамі і паслугамі — 45 мільёнаў долараў. Раман Галоўчанка далажыў, што ўпершыню для Беларусі ў гандлі з Расіяй складваецца дадатнае сальда — гэта значыць, вартасны экспарт тавараў і паслуг перавышае імпарт. У цэлым жа па выніках мінулага года беларускі экспарт тавараў на расійскі рынак вырас як у фізічным, так і ў коштавым выражэнні. Звычайна адной з асноўных праблем у гандлі тавараў і паслуг з Расіяй было адмоўнае сальда. Раман Галоўчанка растлумачыў, што гэта значыць, што беларусы там куплялі больш, чым прадавалі. У некаторыя гады гэтая разбежка даходзіла да 7 мільярдаў долараў.

«Работа з кожным рэгіёнам Расіі стаіць на асаблівым кантролі ў тым ліку ў пасольстве Рэспублікі Беларусь у Расіі. Сістэма адбудавана, і я ўпэўнены, што сёлета яна будзе працаваць сапраўды гэтак жа», — адзначыў Раман Галоўчанка.

Курс на інтэграцыю быў абраны правільны

Пасля нарады ў размове з журналістамі прэм’ер-міністр заявіў, што ўзяты раней курс на інтэграцыю з Расіяй і рэалізацыю саюзных праграм быў выбраны правільна і своечасова. Ён нагадаў, што ў свой час праграмы абмяркоўваліся і прымаліся некалькі ў іншай геапалітычнай абстаноўцы.

«Я не думаю, што гэта супадзенне, — што мы выбралі менавіта такі курс, узялі такі напрамак, які зараз прыносіць нам пэўныя эканамічныя дывідэнды. Гэта было свядомае рашэнне, якое зацвердзілі кіраўнікі дзвюх дзяржаў. Абазначылі траекторыю руху, задачы, якія стаяць перад тымі дзяржаўнымі органамі, якія рэалізуюць саюзныя праграмы. Ва ўрадзе мы адзіныя ў меркаванні, што праграмы працуюць на карысць Беларусі», — падкрэсліў Раман Галоўчанка.

Пры гэтым, па яго словах, пры рэалізацыі саюзных праграм Беларусь не страціла ні грама суверэнітэту, па-ранейшаму абсалютна самастойна прымае на нацыянальным узроўні рашэнні ў сацыяльна-эканамічнай сферы.

У частцы рэалізацыі саюзных праграм абедзве краіны, паводле слоў прэм’ер-міністра, прасоўваюцца нядрэнна. «Больш марудна ідзе работа па так званых энергетычных праграмах (мы першапачаткова гэта ведалі і былі гатовы). І асноўнае пытанне тут у асноўных інстытуцыйных падыходах да таго, як павінны функцыянаваць аб’яднаныя рынкі газу і нафты. Мы цяпер гаворым аб нейкай сістэме, якая будзе працаваць у далейшым і не будзе патрабаваць, дапусцім, штогадовага або кожныя тры гады ўдакладнення нейкіх параметраў», — растлумачыў Раман Галоўчанка.

Прэм’ер-міністр нагадаў, што работа над саюзнымі праграмамі ў частцы падаткаабкладання і мытнага рэгулявання таксама ішла няпроста, але ў выніку яны рэалізаваны. Таксама будзе і з энергетычнымі праграмамі.

«Мы ўсё роўна завершым гэту работу. Яна не вельмі простая. Хоць работа па падатковых і мытных картах таксама была складанай. Калі мы да яе прыступалі, то пытанняў і невыразнасцяў было значна больш, чым адказаў. Але на сёння можна канстатаваць: дагавор па ўскосных падатках падпісаны, сёння аб гэтым падрабязна даложана кіраўніку дзяржавы, у тым ліку аб тым, што адчувальныя фінансавыя вынікі атрымала Беларусь ад рэалізацыі мерапрыемстваў, закладзеных у гэты дагавор», — сказаў Раман Галоўчанка.

Валерыя Сцяцко
Звязда, 12 студзеня 2023

Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/17-1/3/67923
Текущая дата: 23.11.2024