Сталі вядомыя падрабязнасці аб нефармальнай сустрэчы прэзідэнтаў Беларусі і Расіі Аляксандра Лукашэнкі і Уладзіміра Пуціна ў Сочы. Інфармацыю пра гэта публікуе Telegram-канал «Пул Першага».
«Канчаткова вырашана пытанне аб пералічэнні другога траншу дзяржаўнага крэдыту. Дасягнута дамоўленасць аб адкрыцці новых рэйсаў „Белавія“ ў расійскія гарады», — гаворыцца ў паведамленні.
Як паведамлялася, паступленне другога траншу расійскага крэдыту ў $500 млн чакалася ў I паўгоддзі.
Пагадненне аб прадастаўленні Беларусі расійскага крэдыту ў суме, эквівалентнай $1 млрд, было падпісана 21 снежня 2020 года. Першы транш крэдыту ў памеры $500 млн Мінфін Беларусі атрымаў 30 снежня мінулага года.
Прэзідэнт Беларусі прыбыў напярэдадні з рабочым візітам у Расію. У гэты ж дзень вечарам у рэзідэнцыі Бачароў Ручай ў Сочы адбыліся перамовы лідараў дзвюх краін, якія працягваліся больш за пяць гадзін.
У пачатку сустрэчы Аляксандр Лукашэнка і Уладзімір Пуцін традыцыйна абмяняліся заявамі, павіталі адзін аднаго, адзначыўшы рост супрацоўніцтва Беларусі і Расіі ў розных сферах і выказаўшы надзею на замацаванне станоўчых трэндаў. Кіраўнік беларускай дзяржавы праінфармаваў свайго калегу аб сітуацыі вакол інцыдэнту з самалётам Ryanair. Ён выказаў упэўненасць, што атрымаецца пераадолець выклікі і знешні націск.
Частку ўчорашніх перамоваў прэзідэнты правялі за працоўнай вячэрай і чаяваннем.
29 траўня Аляксандр Лукашэнка і Уладзімір Пуцін працягнулі размову ў нефармальнай абстаноўцы.
Звязда, 29 траўня 2021
Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/17-1/7/59528
Текущая дата: 23.12.2024