Белорусский портал в Казахстане

Лукашэнка і Пуцін наведваюць Валаам



Прэзідэнты Беларусі і Расіі Аляксандр Лукашэнка і Уладзімір Пуцін наведалі Спаса-Праабражэнскі Валаамскі мужчынскі манастыр, размешчаны на востраве Валаам (Ладажскае возера) у Карэліі.

Кіраўнікі дзяржаў агледзелі тэрыторыю манастыра і наведалі асноўны храм. Там яны падышлі да мошчаў Сергія і Германа - заснавальнікаў Валаама, мошчаў Анціпа Валаамскага, абраза Валаамскай Божай Маці.

Каля абраза прэзідэнты і сын кіраўніка беларускай дзяржавы Мікалай Лукашэнка запалілі свечкі.

Пасля прыбыцця ў манастыр прэзідэнтаў сустракалі свяшчэннаслужыцелі, у размове з імі Аляксандр Лукашэнка адзначыў: "Першае, што я сказаў яму (Уладзіміру Пуціну.): рады, што я першы раз прыеду сюды ў акружэнні свайго сябра".

Затым кіраўнікі дзяржаў агледзелі скіт у імя Усіх Святых, царкву Смаленскага абраза Божай Маці на тэрыторыі Смаленскага скіта, наведалі капліцу, асвячоную ў гонар сям`і цара Мікалая II.

Як паведамлялася, тыдзень таму на сустрэчы з дзяржаўным сакратаром Саюзнай дзяржавы Рыгорам Рапотам Прэзідэнт Беларусі развеяў некаторыя домыслы наконт будучай паездкі лідараў краін на Валаам.

"Ды не збіраемся мы на Валааме нешта тайна вырашаць. Гэта Прэзідэнта Расіі прапанова. Гэта наша праваслаўная святыня. Я там проста павінен пабываць. Я яму ўдзячны, што ён мне яе асабіста пакажа і раскажа, як яна аднаўляецца, што зроблена там. Нічога тайнага", - падкрэсліў тады беларускі лідар.

Сёння кіраўнікі дзяржаў сустракаюцца ў нефармальнай абстаноўцы, а 18 ліпеня ў Санкт-Пецярбургу пройдзе цэнтральнае мерапрыемства VI Форуму рэгіёнаў Беларусі і Расіі, у якім прымуць удзел і прэзідэнты.

Акрамя таго, запланаваны час для двухбаковых перагавораў кіраўнікоў дзяржаў. У цэнтры ўвагі будуць пытанні развіцця гандлёва-эканамічнага супрацоўніцтва паміж Беларуссю і Расіяй.

Бакі таксама абмяркуюць узаемадзеянне ў рамках Саюзнай дзяржавы.
________________________________________

Дакладная дата заснавання Валаамскага манастыра невядома. Паводле адной з летапісных версій, месца для яго было абазначана апосталам Андрэем Першазваным у I стагоддзі.

Паводле іншай версіі, час заснавання - X-XI стагоддзі.

Паводле дакументальных крыніц, заснаванне манастыра адбылося ў 1407 годзе. Аб гэтым гаворыцца ў "Паданні пра Валаамскі манастыр".

Асаблівы росквіт манастыра прыпадае на XV-XVI стагоддзі. У той час колькасць манахаў у манастыры дасягнула 600 чалавек. У наступныя гады ішло архітэктурнае развіццё манастыра, але ён не раз цярпеў ад разарэння, у прыватнасці ў ходзе войнаў Расіі са шведамі, а таксама ў выніку пажару.

Да XIX стагоддзя Валаамскі манастыр зноў расквітнеў. Многія архітэктурныя збудаванні былі ўзведзены менавіта ў гэты час. Яны захаваліся да гэтага часу і лічацца аб`ектамі гісторыка-культурнай спадчыны.

Пасля савецка-фінскіх ваенных дзеянняў Валаамскі архіпелаг зноў перайшоў у валоданне Расіі. Будынак пачалі выкарыстоўваць для грамадзянскіх патрэбнасцей.

У 60-я гады мінулага стагоддзя ўлады сталі арганізоўваць экскурсійныя туры для жадаючых убачыць Валаам.

З 1979 года працуе музей-запаведнік. Былое жыццё ў манастыры пачало адраджацца з 1989 года. Асноўныя будынкі перададзены Ленінградскай епархіі. Першыя манахі прыйшлі ў снежні 1989 года. Іх было 6 чалавек. Цяпер на тэрыторыі Валаамскага манастыра адноўлены ўсе архітэктурныя збудаванні. Працуюць пякарня, гасцініца, недалёка знаходзіцца малочная ферма і рыбаразводны завод.

Паводле даных на 2018 год, у манастыры налічвалася 217 чалавек. Акрамя таго, у ім пастаянна задзейнічана каля паўсотні людзей, якія працуюць пры манастыры на добраахвотнай і бескарыслівай аснове.

Манастыр штогод наведваюць 100-200 тыс. чалавек.

Асноўная святыня Валаамскага манастыра - мошчы прападобных Сергія і Германа Валаамскіх. Святыя астанкі захоўваюцца ў Спаса-Праабражэнскім храме на тэрыторыі манастыра.


17 ліпеня 2019, Валаам
БЕЛТА

Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/17-3/4/48768
Текущая дата: 23.11.2024