Белорусский портал в Казахстане

БЕЛТА выпусціла фотаальбом, прысвечаны 70-годдзю вызвалення Беларусі



Выдавецтва інфармацыйнага агенцтва "БЕЛТА" пры падтрымцы Пастаяннага камітэта Саюзнай дзяржавы выпусціла фотаальбом "Перамога - адна на ўсіх", прысвечаны 70-годдзю вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў.

У кнізе змешчана амаль 400 унікальных фотаздымкаў, якія адлюстроўваюць розныя этапы Вялікай Айчыннай вайны. У ёй выкарыстаны здымкі фотахронікі БЕЛТА, Беларускага дзяржаўнага архіва кінафотафонадакументаў, матэрыялы з фондаў Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі, асабістых калекцый.

Альбом уключае ў сябе работы такіх майстроў, як Васіль Аркашаў, Уладзімір Лупейка і Міхаіл Савін, без якіх сёння ўжо немагчыма ўявіць фоталетапіс вайны. Выкарыстаны таксама раней не вядомыя фатаграфіі, што публікуюцца ўпершыню.

Як адзначаюць выдаўцы, вельмі багаты архіўны фотаматэрыял, сабраны ў адной кнізе, найбольш ярка адлюстроўвае веліч подзвігу савецкага народа ў Вялікай Айчыннай вайне, раскрывае сутнасць і змест гераічнага супраціўлення акупантам на тэрыторыі Беларусі, ход узброенай барацьбы па вызваленні рэспублікі Чырвонай Арміяй. Асобныя раздзелы асвятляюць грамадска-палітычнае жыццё ў БССР у канцы 1930-х гадоў, трагедыю акупацыі, перыяд аднаўлення і працэс мемарыялізацыі вайны ў нашай краіне. Кожны з іх адкрываецца ўводным артыкулам аб асноўных падзеях.

Выданне разлічана на шырокае кола чытачоў.

26 верасня 2014, Мінск
БЕЛТА

Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/17-3/7/27596
Текущая дата: 23.11.2024