Белорусский портал в Казахстане

Беларусь не здымае з парадку дня пытанне кампенсацыі страт беларускага бюджэту ад падатковага манеўру, які праводзіцца ў расійскай нафтавай галіне



Пра гэта заявіў пасол Беларусі ў Расіі Уладзімір Сямашка 1 ліпеня падчас анлайн-брыфінгу, прымеркаванага да Дня Незалежнасці Беларусі.

«Мы не здымаем з парадку дня кампенсацыю выдаткаў ад падатковага манеўру, таму што гэта балюча б’е па нашай эканоміцы», — сказаў Уладзімір Сямашка.

Ён адзначыў, што беларускі бок лічыць падатковы манеўр у нафтавай галіне ў Расіі сур’ёзным парушэннем як двухбаковых, так і падпісаных у рамках Еўразійскага эканамічнага саюза пагадненняў, якія не дапускаюць ўвядзення ўнутраных пошлін або ажыццяўлення падобных гэтаму дзеянняў.

Дыпламат таксама паведаміў, што ў цяперашні час практычна ўзгоднены пратакол паміж міністэрствамі фінансаў Беларусі і Расіі аб міжбюджэтнай кампенсацыі сум прэміі, якая выплачваецца беларускім бокам расійскім нафтавым кампаніям. Раней беларускаму боку ўдалося дамовіцца з расійскімі кампаніямі аб зніжэнні памеру гэтай прэміі з ранейшых 11,7 $ да 4,7 $ за тону нафты.

Звязда, 1 ліпеня 2020

Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/17-402/1/54361
Текущая дата: 19.04.2024