Белорусский портал в Казахстане

Генеральны дырэктар дзяржкарпарацыі «Роскосмос» Дзмітрый Баканаў і дзяржаўны сакратар Саюзнай дзяржавы Дзмітрый Мезенцаў абмеркавалі ў Маскве беларуска-расійскае супрацоўніцтва ў касмічнай сферы



Пра гэта паведамляе прэс-служба «Роскосмоса».

«Роскосмос» прапанаваў Беларусі рэалізаваць новыя праекты на суму звыш 6 млрд расійскіх рублёў

На сустрэчы Дзмітрый Баканаў паведаміў, што «Роскосмос» прапанаваў да разгляду тры новыя праграмы і адзін праект Саюзнай дзяржавы аб’ёмам 6,33 млрд расійскіх рублёў.

«Для нас супрацоўніцтва з Беларуссю — адзін з прыярытэтных напрамкаў міжнароднай дзейнасці. Вялікае значэнне надаём сумесным навукова-даследчым і тэхналагічным работам у рамках праграм Саюзнай дзяржавы, даследна-канструктарскім работам, выкарыстанню інтэграванай расійска-беларускай касмічнай сістэмы дыстанцыйнага зандавання Зямлі», — сказаў ён.

Узаемадзеянне «Роскосмоса» і Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі паспяхова развіваецца на працягу многіх гадоў і дае значныя вынікі, канстатаваў Дзмітрый Мезенцаў.

«Рэалізаваны сем праграм Саюзнай дзяржавы на агульную суму 8,57 млрд расійскіх рублёў, у стадыі рэалізацыі знаходзіцца восьмая — „Распрацоўка базавых элементаў арбітальных і наземных сродкаў для многаспутнікавых груповак малых касмічных апаратаў дыстанцыйнага зандавання Зямлі“ („Комплекс-Саюзная дзяржава“) — на суму 1,98 млрд расійскіх рублёў», — адзначыў ён.

Дзмітрый Мезенцаў нагадаў, што вышэйшым Дзяржсаветам, Саветам Міністраў Саюзнай дзяржавы надаецца асаблівая ўвага практычным вынікам праграм, якія фінансуюцца з саюзнага бюджэту: «дадзена даручэнне аб уключэнні з 2026 года матэрыяльных вынікаў у рэестр уласнасці Саюзнай дзяржавы, забяспечваючы іх укараненне і камерцыялізацыю».

У цяперашні час беларускія і расійскія спецыялісты працягваюць працу па стварэнні касмічнага апарата дыстанцыйнага зандавання Зямлі і касмічнай сістэмы на яго аснове. У 2024 годзе на расійскім караблі «Саюз МС» здзейсніла палёт на расійскі сегмент Міжнароднай касмічнай станцыі першая жанчына-касманаўтка Беларусі Марына Васілеўская.

Звязда, 5 сакавіка 2025

Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/17-402/1/77327
Текущая дата: 06.03.2025