Пра гэта заявіў 18 сакавіка у Таганрогу віцэ-прэм`ер Расіі Аркадзь Дварковіч.
Паводле яго слоў, маюцца на ўвазе кампанія "Танека", якая ўваходзіць у групу "Татнефць", і кампанія "Салаватнефцеаргсінтэз" в структуры "Газпрома". "Гаворка ішла не пра канчатковыя прадукты, а фактычна пра сыравіну для вытворчасці, гэта значыць прамагонны бензін для іншых прадуктаў. Аб`ёмы павялічыліся рэзка, таму мы, як і калісьці з растваральнікамі, звярнулі ўвагу, што гэта можа быць схема аптымізацыі падаткаабкладання або мытных пошлін, і далі рэкамендацыю прыпыніць пастаўкі да высвятлення сітуацыі", — цытуе Дварковіч ТАСС.
Пры гэтым, зазначыў віцэ-прэм`ер, "глабальнага перагляду адносін" у сферы ўзаемных паставак нафты і нафтапрадуктаў паміж Расіяй і Беларуссю няма.
Раней паведамлялася, што Дварковіч рэкамендаваў кампаніям "Татнефць" і "Газпром" прыпыніць пастаўкі нафтапрадуктаў з даччыных прадпрыемстваў у Беларусь. Даручэнне было дадзенае ў сярэдзіне лютага на пасяджэнні ўрадавай камісіі па паліўна-энергетычным комплексе. Акрамя таго, паведамлялася, што расійскі віцэ-прэм`ер даручыў Мінэнерга РФ да канца сакавіка прадставіць ва ўрад прапановы па зменах у пагадненні паміж Расіяй і Беларуссю аб пастаўках нафты і нафтапрадуктаў.
Разам з тым, як паведамляе РБК, структура "Газпрома" аднавіла ў сакавіку экспарт нафтапрадуктаў у Беларусь пасля амаль поўнага спынення ў лютым, пасля названага пасяджэння.
Нагадаем, у 2015 годзе Беларусь удвая знізіла пастаўкі нафтапрадуктаў у Расію. У грашовым выражэнні аб`ём экспарту беларускіх нафтапрадуктаў скараціўся на 65% у параўнанні з 2014 годам.
У студзені бягучага года Мінэнерга РФ заявіла, што не задаволенае тым, як Беларусь выконвае свае абавязацельствы па пастаўках бензіну ў Расію, і прапанавала расійскаму ўраду зрабіць захады ў адказ. У пачатку лютага, адказваючы на запыт БелаПАН, расійскае энергетычнае ведамства паведаміла, што Расія мае права паменшыць аб`ём паставак нафты ў Беларусь у пяціразовым памеры ў адносінах да недапастаўленага аб`ёму беларускага бензіну.
2 лютага, рэагуючы на заявы расійскага боку, віцэ-прэм`ер Беларусі Уладзімір Сямашка паведаміў журналістам, што Беларусі сёння нявыгадна прадаваць бензін у Расіі. "Для нас пастаўляць сёння бензін у Расію — працаваць глыбока на страту", — сказаў ён. Спыняючы пастаўкі, Беларусь дзейнічае ў адпаведнасці з пагадненнем аб стварэнні Еўразійскага эканамічнай саюза, удакладніў Сямашка.
У Мінэнерга Беларусі і канцэрне "Белнафтахім" не сталі каментаваць інфармацыю аб спыненні паставак расійскіх нафтапрадуктаў, заявіўшы, што гэта не адносіцца да іх кампетэнцыі.
Аляксей Аляксандраў, БелаПАН
Мінск, 18 сакавіка 2016
Мінск, 18 сакавіка 2016
Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/17-402/10/34818
Текущая дата: 26.11.2024