Белорусский портал в Казахстане

Паняцце айчыннага тавару павінна быць аднолькава прымяняльна да беларускага і расійскага тавару на тэрыторыі абедзвюх краін



Аб гэтым заявіў 5 сакавіка ў час рабочай паездкі ў Віцебскую вобласць прэм`ер-міністр Беларусі Андрэй Кабякоў, каменціруючы падпісаны 3 сакавіка ў Маскве прэм`ер-міністрамі Беларусі і Расіі сумесны міжурадавы антыкрызісны план.

Асноўная сутнасць антыкрызіснага плана, паводле слоў Андрэя Кабякова, у тым, каб азначэнне "айчынны тавар" мела аднолькавае значэнне прымяняльна да тавараў беларускай і расійскай вытворчасці на тэрыторыі абедзвюх краін, каб тавар, які выраблены ў Расіі і Беларусі і адпавядае пэўным патрабаванням, лічыўся айчынным і меў роўныя правы і магчымасці па ўдзеле ў закупках, тэндарах, конкурсах.

Антыкрызісны план уключае шэраг мерапрыемстваў па стварэнні дадатковых умоў для развіцця гандлёва-эканамічнага супрацоўніцтва. "Гэтыя мерапрыемствы дадуць магчымасць нам устараніць узаемныя абмежаванні і пашырыць допуск прадукцыі абедзвюх краін на рынкі адна адной. Асноўны інтарэс беларускага боку ў тым, што рынак Расійскай Федэрацыі непараўнальна большы. Але і расійскія партнёры хочуць працаваць на беларускім рынку", - адзначыў прэм`ер-міністр.

Таксама ў комплексе мер абазначаны моманты, звязаныя з рэалізацыяй дзяржаўных праграм па стымуляванні, субсідзіраванні продажаў, куплі айчынных тавараў. "Размова ідзе аб тым, каб рашэнні і патрабаванні, якія бакі прынялі для больш спрыяльных умоў для сваіх удзельнікаў, распаўсюдзіць і на вырабленыя ў Беларусі і Расіі тавары на ўзаемнай аснове", - растлумачыў Андрэй Кабякоў.

Абмяркоўваемая тэма аб павелічэнні разлікаў ва ўзаемным гандлі ў нацыянальных валютах таксама знайшла адлюстраванне ў дакуменце. Паводле слоў прэм`ер-міністра, антыкрызісны план накіраваны на тое, каб аб`ёмы ўзаемнага гандлю, якія апошнім часам крыху зменшыліся, аднавілі свой рост. Выкананне большасці канкрэтных пунктаў павінна завяршыцца на працягу гэтага паўгоддзя.

Андрэй Кабякоў наведаў Віцебскую вобласць для азнаямлення з работай прамысловых прадпрыемстваў, пасля чаго ў аблвыканкаме адбылася нарада аб развіцці прамысловага комплексу рэгіёна, праблемных пытаннях яго функцыянавання.

5 сакавіка 2015, Віцебск
Кацярына Князева - БЕЛТА

Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/17-402/12/29938
Текущая дата: 26.11.2024