Белорусский портал в Казахстане

"Беларуськалій" не падтрымлівае новую стратэгію "Уралкалія" і лічыць заявы кіраўніцтва гэтай расійскай кампаніі неабдуманымі



Пра гэта паведаміў гендырэктар ААТ "Беларуськалій" Валерый Кірыенка 19 жніўня на прэс-канферэнцыі ў Салігорску (Мінская вобласць).

"Выказваем шкадаванне, што рашэнне "Уралкалія" аб спыненні супрацоўніцтва прывяло да негатыўных наступстваў на сусветным калійным рынку. Гэтае рашэнне было для нас нечаканасцю", — сказаў Кірыенка.

Ён не раздзяляе прагнозы "Уралкалія" наконт цэнавага сцэнарыя развіцця падзей (расійская кампанія заявіла аб значным зніжэнні цэн на калійныя ўгнаенні).

"Лічым, што цэнавы ўплыў "Уралкалія" моцна перабольшаны. У свеце няма вытворцы, які здольны ў адзіночку мяняць сітуацыю на рынку", — мяркуе гендыркэатр "Беларуськалія".

Кірыенка таксама паставіў пад сумненне высокую эфектыўнасць расійскай кампаніі, якая дэкларуецца "Уралкаліем". "Уралкалій" мае праблемы як у частцы здабычы, так і ў частцы лагістыкі, што зніжае іх заяўлены патэнцыял", — падкрэсліў ён.

Як паведамлялася раней, у канцы ліпеня расійская кампанія "Уралкалій" аб`явіла аб выхадзе са складу заснавальнікаў Беларускай калійнай кампаніі (БКК). Удзельнікі і эксперты рынку прагназуюць, што ў сувязі з расколам БКК магчыма зніжэнне цэн на калійныя ўгнаенні. У прыватнасці, "Уралкалій" раней заяўляў аб тым, што кошт калійных угнаенняў можа знізіцца з цяперашніх 400 долараў за тону да 300. Тым не менш, заяўляў "Уралкалій", дзякуючы больш нізкаму сабекошту вытворчасці ўгнаенняў кампанія мае намер павялічыць аб`ёмы вытворчасці і за кошт гэтага канкурыраваць з іншымі вытворцамі.

Тым часам Кітай і Індыя — асноўныя спажыўцы беларускіх калійных угнаенняў — заявілі, што чакаюць зніжэння цэн на калій. У прыватнасці, прадстаўнікі Кітайскай калійнай асацыяцыі сцвярджаюць: кітайскія фермеры не гатовы купляць калійныя ўгнаенні даражэй чым за 300 долараў. Індыя просіць перагледзець цану калійных угнаенняў па ўжо падпісаных кантрактах, разлічваючы атрымаць 10-працэнтную скідку на калійныя ўгнаенні.

У пачатку 2013 года БКК дамовілася аб продажы мільёна тон калійных угнаенняў у Індыю па цане 427 долараў за тону, а таксама падпісала кантракт на пастаўку ўгнаенняў у Кітай па цане 400 долараў за тону.

Дзмітрый Заяц, БелаПАН
Салігорск, 19 жніўня 2013

Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/17-402/18/22813
Текущая дата: 26.11.2024