Беларускі экспарт тавараў на расійскі рынак таксама вырас за студзень-чэрвень 2023 года – рост склаў 37,7%.
Рост тавараабароту паміж Беларуссю і Расіяй у студзені-чэрвені гэтага года склаў 16,9% да першага паўгоддзя 2022 года, паведаміў журналістам дзяржсакратар Саюзнай дзяржавы Дзмітрый Мезенцаў.
Дасягнуць росту, на яго думку, удалося за кошт пашырэння супрацоўніцтва Беларусі і Расіі ў такіх сферах, як прамысловасць, сельская гаспадарка, нафтахімія. Свой уклад таксама ўнеслі сфера паслуг і ўзаемадзеянне на рэгіянальным узроўні, дадаў дзяржсакратар.
Мезенцаў таксама паведаміў, што беларускі экспарт тавараў на расійскі рынак за шэсць месяцаў таксама павялічыўся, рост склаў 37,7%. Паводле слоў дзяржсакратара, усе гэтыя вынікі паказваюць, што дзве краіны ўмеюць вырашаць самыя складаныя пытанні, "раўнапраўна дамаўляючыся і ўлічваючы нацыянальныя інтарэсы адна адной".
Сумесныя праграмы і праекты
Мезенцаў нагадаў, што новая практыка эканамічнай інтэграцыі дзвюх дзяржаў была вызначана пасля зацвярджэння 28 саюзных праграм.
"Гэта ўзаемаўвязаны, збалансаваны стратэгічны план узаемадзеяння на гады наперад", - лічыць ён.
Акрамя таго, Беларусь і Расія рэалізуюць 16 сумесных праектаў у сферы прамысловасці.
Таксама абмяркоўваюцца сумесныя ініцыятывы ў авіябудаванні, вытворчасці абсталявання і камплектуючых для прадпрыемстваў аўтамабільнага і сельгасмашынабудавання і па шэрагу іншых напрамкаў.
Такім чынам працягваецца работа па ўмацаванні адзіных асноў эканамічнай інтэграцыі, падкрэсліў дзяржсакратар.
Ён таксама нагадаў, што ў 2022-2023 гадах бакамі былі падпісаны чатыры важнейшыя міжурадавыя пагадненні. Размова ідзе аб дакументах, якія датычацца адзінай прамысловай палітыкі, прызнання тэхналагічных аперацый на тэрыторыі СД, развіцця мікраэлектронных тэхналогій, праектавання і вытворчасці электроннай кампанентнай базы і электроннага машынабудавання, а таксама развіцця станкаінструментальнай прамысловасці.
"На новым этапе эканамічнай інтэграцыі дзве краіны, аб’яднаныя Саюзнай дамовай, паказваюць згуртаванасць, дамагаюцца большай канкурэнтаздольнасці, імкнуцца забяспечваць нацыянальны тэхналагічны суверэнітэт", - падкрэсліў Мезенцаў.
Мінск, 30 жніўня 2023
Sputnik
Sputnik
Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/17-402/2/70857
Текущая дата: 26.11.2024