Белорусский портал в Казахстане

Трэйдарская кампанія "Саюзкалій", якая ствараецца "Уралкаліем" і "Беларуськаліем", павінна пачаць працаваць з другога паўгоддзя 2013 года



Пра гэта паведаміў 11 верасня журналістам у Маскве генеральны дырэктар "Уралкалія" Уладзіслаў Баўмгертнер.

"Паводле нашых ацэнак, працэс арганізацыі "Саюзкалія" зойме яшчэ ад шасці да дзевяці месяцаў. Такім чынам, "Саюзкалій" павінен пачаць працаваць з другога паўгоддзя 2013 года", — сказаў ён.

Паводле слоў Баўмгертнера, умовы стварэння "Саюзкалія" ў цэлым узгодненыя.

Раней паміж расійскім і беларускім вытворцамі калійных угнаенняў былі разыходжанні па прапорцыі і аб`ёмах паставак, а таксама па разліку сярэдняй цаны. У канцы жніўня першы віцэ-прэм`ер Беларусі Уладзімір Сямашка адзначаў, што рознагалоссі ўзніклі ў сувязі з тым, што беларускі бок лічыў несправядлівым раздзел аб`ёмаў продажу паміж "Уралкаліем" і "Беларуськаліем" — беларускі бок прадае 47,5% калійных угнаенняў, расійскі — 52,5%. Прадстаўнікі беларускай калійнай кампаніі настойвалі на продажы 49,15%. Пры гэтым расійскаму боку адводзілася 50,85% продажу.

Баўмгертнер паведаміў, што цяперашні сумесны трэйдар "Уралкалія" і "Беларуськалія" — ЗАТ "Беларуская калійная кампанія" (БКК) — пасля стварэння "Саюзкалія" спыніць сваё існаванне. "Як толькі пачне працаваць "Саюзкалій", мы выйдзем з БКК", — сказаў ён.

Мяркуецца, што "Саюзкалій" будзе створаны на аснове БКК і зарэгістраваны ў Швейцарыі, а "Уралкалій" і "Беларуськалій" будуць валодаць у ім роўнымі далямі — па 50 %.

У нейкі перыяд БКК і "Саюзкалій" будуць юрыдычна існаваць паралельна адзін аднаму, але з некаторага часу бізнес будзе поўнасцю пераведзены на "Саюзкалій", а кантракты будуць перазаключацца, дадаў Баўмгертнер.

ЗАТ "Беларуская калійная кампанія" — эксклюзіўны пастаўшчык калійных угнаенняў вытворчасці ААТ "Беларуськалій" і ААТ "Уралкалій" на замежныя рынкі. БКК створана ў 2005 годзе. Акцыянерамі кампаніі з`яўляюцца "Беларуськалій" (45%), Беларуская чыгунка (5%) і "Уралкалій" (50%). БКК з`яўляецца найбуйнейшым пастаўшчыком на сусветным рынку экспарту калійных угнаенняў, яго доля — 42% аб`ёму сусветнага рынку экспарту. У 2011 годзе БКК экспартавала 12,9 мільёна тон хлоркалію.

БелаПАН
Мінск, 11 верасня 2012

Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/17-402/23/16337
Текущая дата: 26.11.2024