Белорусский портал в Казахстане

ММЗ атрымаў права ўдзельнічаць у дзяржзакупках на тэрыторыі Расіі



Аб гэтым паведамілі ў прэс-службе прадпрыемства.

Мінскі маторны завод першым з прамысловых прадпрыемстваў Беларусі атрымаў сертыфікат, які дае права на ўдзел у працэдурах дзяржаўных закупак на тэрыторыі Расійскай Федэрацыі.

Для стварэння прыярытэтных умоў уласным вытворцам у Расіі ў 2014 годзе была прынята пастанова ўрада нумар 656 "Аб устанаўленні забароны на допуск асобных відаў тавараў машынабудавання, якія паходзяць з замежных дзяржаў, для мэт ажыццяўлення закупак для забеспячэння дзяржаўных і муніцыпальных патрэб".

"У дадатку быў пералік гэтых тавараў. Хоць рухавікі ў яго не ўвайшлі, нямала расійскіх вытворцаў паступова знізілі аснашчэнне сваёй тэхнікі мінскімі маторамі, паколькі ў рэальнасці сутыкаліся з перашкодамі да допуску на тэндары для дзяржаўных закупак. Цяжкасці ўзніклі, напрыклад, у Туймазінскага завода аўтабетонавозаў, "Рассельмаша", "Бранскага арсенала", таксама ў вытворцаў дызель-генератарных і дызель-помпавых установак, паколькі гэтыя кампаніі традыцыйна пастаўлялі значную частку сваёй прадукцыі менавіта для дзяржаўных і муніцыпальных патрэб", - расказалі ў прэс-службе.

Краіны - члены Еўразійскага эканамічнага саюза палічылі неправамерным ушчамленне сваіх вытворцаў. У выніку неаднаразовых абмеркаванняў і нарад, удалося дабіцца адмены пастановы нумар 656. Замест яе ў красавіку 2020 года былі прыняты дзве новыя: нумар 616 і нумар 617. Цяпер нараўне з расійскімі машынабудаўнічымі прадпрыемствамі дапускаецца ўдзел у дзяржзакупках у Расіі прадукцыі вытворцаў з краін ЕАЭС. Для гэтага патрабуецца пацвярджэнне вытворчасці прамысловай прадукцыі на тэрыторыі дзяржавы - члена ЕАЭС. Пацвярджэннем з`яўляецца наяўнасць звестак аб ёй у рэестры еўразійскай прадукцыі.

"Для занясення ў рэестр неабходна было атрымаць сертыфікат аб паходжанні тавару формы СТ-1. Умовы атрымання аналагічныя ўмовам, што прад`яўляюцца для доказу паходжання прадукцыі на тэрыторыі Расіі", - растлумачылі ў ММЗ.

Сертыфікат аб паходжанні тавару выдаецца Беларускай гандлёва-прамысловай палатай у адпаведнасці з патрабаваннямі ГПП Расіі.

"Атрыманне сертыфіката - працаёмкі працэс, які патрабуе збору вялікай колькасці дакументацыі: канструктарскай, тэхналагічнай, устаноўчай, камерцыйнай, па сістэме менеджменту якасці. ААТ "ККХ "ММЗ" стала першым у Беларусі ўладальнікам сертыфіката, які пацвярджае паходжанне тавару на тэрыторыі Еўразійскага эканамічнага саюза. У дакуменце пералічаны ўсе асноўныя мадэлі рухавікоў, якія выпускаюцца ММЗ, - 139 найменняў. Гэта дае права тэхніцы з нашымі маторамі ўдзельнічаць у дзяржаўных закупках у Расійскай Федэрацыі", - расказалі ў прэс-службе.

Як адзначылі на прадпрыемстве, сертыфікат прадастаўляецца ўжо расійскім партнёрам, што здымае любыя пытанні пры падачы дакументаў на тэндары па закупках для дзяржаўных і муніцыпальных патрэб.

"Можна спадзявацца, што наяўнасць гэтага дакумента павысіць прывабнасць прадукцыі ММЗ у вачах вытворцаў РФ і забяспечыць планамерны рост экспарту", - падкрэслілі на заводзе.

Мінскі маторны завод - вытворца сучасных дызельных, газадызельных, газапоршневых рухавікоў. Спецыялізуецца на распрацоўцы, праектаванні і вырабе сучасных трох-, чатырох-, шасці- і васьміцыліндравых рухавікоў. На заводзе выпускаецца больш за 100 мадыфікацый рухавікоў у дыяпазоне магутнасцей ад 7 да 330 кВт, прызначаных для ўстаноўкі на сельскагаспадарчую, дарожна-будаўнічую і лесаўборачную тэхніку, аўтамабілі і аўтобусы, энергаўстаноўкі, кампрэсары і іншыя агрэгаты. Рухавікі ММЗ пастаўляюцца на канвееры 49 прадпрыемстваў у Беларусі, Расіі, краінах СНД і далёкага замежжа, прадукцыя прадаецца ў больш як 40 краін Еўропы, Азіі, Афрыкі, Паўночнай і Лацінскай Амерыкі. Пры вытворчасці рухавікоў выкарыстоўваюцца камплектуючыя сусветна вядомых кампаній.

11 снежня 2020, Мінск
БЕЛТА

Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/17-408/3/57494
Текущая дата: 22.12.2024