Белорусский портал в Казахстане

Спад цэн на сельгаспрадукцыю ў Расіі сур`ёзна паўплываў на беларускія прадпрыемствы АПК



Аб гэтым заявіў старшыня Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Беларусі Міхаіл Мясніковіч на пасяджэнні міжведамаснай рабочай групы для вырашэння праблемных пытанняў у аграпрамысловым комплексе (АПК).

"Спад цэн на сельгаставары ў Расійскай Федэрацыі вельмі сур`ёзна паўплываў на эканамічны стан нашых сельскагаспадарчых арганізацый, асабліва перапрацоўшчыкаў, нягледзячы на тое, што мы маем нядрэнныя паказчыкі росту аб`ёмаў экспарту і ў мінулым годзе, і ў студзені бягучага года", - сказаў Міхаіл Мясніковіч.

Другая праблема АПК - высокія працэнтныя стаўкі па крэдытах. У 2016 годзе, як чакаецца, прыкладна 23-24 працэнты ад выручкі неабходна будзе выкарыстоўваць, каб разлічыцца па раней атрыманых крэдытах. Міхаіл Мясніковіч дадаў, што не трэба забываць і аб праблеме безгаспадарчасці. "Гэта ўласныя недапрацоўкі, невыкананне тэхналагічнай дысцыпліны", - растлумачыў ён.

"Стан спраў у аграпрамысловым комплексе ніколі простым не быў. Магчыма, ён ускладніўся апошнім часам. Патрэбны хуткія рашэнні", - таксама адзначыў старшыня Савета Рэспублікі. Ён падкрэсліў, што для гэтага і праводзіцца пасяджэнне міжведамаснай групы, каб закончыць шматлікія ўзгадненні і збліжэнні пазіцый, сур`ёзна абмеркаваць дакументы.

"Праз паўтара месяца пачынаюцца ўжо актыўныя сельскагаспадарчыя работы", - падкрэсліў Міхаіл Мясніковіч.

Сённяшняе пасяджэнне праходзіць у Савеце Рэспублікі пры ўдзеле прэм`ер-міністра Андрэя Кабякова, старшыні праўлення Нацыянальнага банка Паўла Калаура, прадстаўнікоў кіраўніцтва абласцей і розных ведамстваў.

5 лютага 2016, Мінск
БЕЛТА

Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/17-408/5/34138
Текущая дата: 12.05.2024