Нацыянальная экспазіцыя Рэспублікі Беларусь будзе арганізавана ў рамках IV Форуму рэгіёнаў Расіі і Беларусі, які пройдзе 29—30 чэрвеня ў Маскве (ЦВК "Экспацэнтр").
Як паведаміла прэс-служба ўнітарнага прадпрыемства "Белінтэрэкспа" БелГПП, асноўная тэма форуму ў гэтым годзе — "Вектары інтэграцыйнага развіцця рэгіёнаў Расіі і Беларусі ў сферы высокіх тэхналогій, інавацый і інфармацыйнага грамадства", таму асаблівая ўвага будзе нададзена наватарскім распрацоўкам і высокатэхналагічнай прадукцыі, а таксама сумесным беларуска-расійскім праектам.
У рамках выставы пройдзе прэзентацыя адразу некалькіх навінак электратранспарту: электрамабіль, створаны на базе Geely SC7 (распрацоўка Аб`яднанага інстытута машынабудавання Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі), пасажырскі электробус (холдынг "Белкамунмаш"), электразарадная станцыя для электрамабіляў (ААТ "Віцязь").
Беспілотныя авіяцыйныя комплексы "Бусел М40" і "Буравеснік" з далёкасцю прымянення да 290 кіламетраў прадэманструе Навукова-вытворчы цэнтр шматфункцыянальных беспілотных комплексаў НАН Беларусі.
Інавацыйную лінію па перадпродажнай падрыхтоўцы гародніны прадставіць Эксперыментальны завод Навукова-практычнага цэнтра Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі па механізацыі сельскай гаспадаркі. Адзіны комплекс сельскагаспадарчых машын ажыццяўляе поўны цыкл работ: пасадка, захоўванне, прыёмка, каліброўка, сартаванне, сухая ачыстка, мыйка, фасоўка і ўпакоўка бульбы, буракоў, цыбулі, морквы ў розныя віды ўпакоўкі. Распрацоўка не мае аналагаў у свеце, заяўляюць распрацоўшчыкі.
Усяго ў выставе прымуць удзел больш за 60 беларускіх прадпрыемстваў, якія прадставяць каля 180 распрацовак, уключаючы прыборы дыстанцыйнай спектраскапіі для зандзіравання Зямлі, назапашвальнікі энергіі новага пакалення, акуляры з тэхналогіяй дапоўненай рэальнасці, распрацоўкі ў сферы IT-тэхналогій і камп`ютарных гульняў, ультрагукавыя тэхналогіі і абсталяванне для кардыялогіі, транспланталогіі, анкалогіі, стаматалогіі і многае іншае.
Тэматычна беларускую экспазіцыю плануецца падзяліць на 14 кластараў: машынабудаванне; касмічныя тэхналогіі; мікраэлектроніка і сонечная энергетыка; электратранспарт; праект па стварэнні сумеснага беларуска-расійскага рухавіка; біятэхналогіі; прарыўныя навукова-тэхнічныя праекты; высокія тэхналогіі ў ахове здароўя; адытыўныя тэхналогіі 3D-друку і нанаіндустрыі; хімія і нафтахімія; інфармацыйна-камунікацыйныя тэхналогіі; маладзёжныя праекты; лёгкая прамысловасць; кнігі Беларусі.
Расія таксама арганізуе ў рамках форуму экспазіцыю, на якой будуць прадстаўлены інавацыйныя распрацоўкі і праекты ў сферы высокіх тэхналогій.
Плануецца наведванне выставы палітычнай і бізнес-элітай дзвюх краін, кіраўнікамі рэгіёнаў Беларусі і Расіі.
Марына Носава, БелаПАН
Мінск, 4 чэрвеня 2017
Мінск, 4 чэрвеня 2017
Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/17-408/5/39591
Текущая дата: 19.11.2024