Белорусский портал в Казахстане

Мэр Масквы удзячны беларускім сельгасвытворцам за дапамогу ў пастаўках прадуктаў харчавання ў перыяд еўрапейскіх санкцый



Аб гэтым Сяргей Сабянін паведаміў 7 чэрвеня на Маскоўска-беларускім форуме дзелавога супрацоўніцтва.

Мерапрыемства праходзіць у час Дзён Масквы ў беларускай сталіцы ў культурна-дзелавым цэнтры "Дом Масквы" ў Мінску. Сяргей Сабянін падкрэсліў, што Масква і Беларусь не з`яўляюцца канкурэнтамі, а эканомікі дапаўняюць адна адну, дапамагаючы ў самыя складаныя хвіліны. Апошні прыклад - харчовыя санкцыі на прадукцыю з Еўропы.

"Масква практычна не адчула праблем з наменклатурай і аб`ёмам харчовых паставак, у тым ліку дзякуючы сельгасвытворцам Беларусі, якія занялі тую нішу, з якой сышлі еўрапейскія пастаўшчыкі. Нягледзячы на тое, што ў доларавым выражэнні аб`ём узаемнага тавараабароту знізіўся, у фізічных аб`ёмах (тое, што датычыцца тавараў харчовай групы) павялічыўся", - звярнуў увагу мэр Масквы.

Разам з тым, паводле яго слоў, супрацоўніцтва не абмяжоўваецца пастаўкамі прадуктаў харчавання. Сяргей Сабянін, у прыватнасці, інфармаваў, што Масква з`яўляецца вялікім спажыўцом будаўнічых паслуг і прадукцыі. І мінскія вытворцы займаюць у гэтым напрамку сваю нішу.

"Я хацеў бы падзякаваць "Мінскметрабуду" за работу на будаўніцтве дзвюх ветак маскоўскага метро", - сказаў Сяргей Сабянін. Таксама ён адзначыў, што ў Маскве ідзе значнае абнаўленне рухомага складу пасажырскага транспарту. За апошнія гады абноўлена дзве трэці гарадскога парку наземнага рухомага складу. У гэтым аб`ёме каля 800 машын - беларускай вытворчасці.

Са свайго боку старшыня Мінгарвыканкама Андрэй Шорац падкрэсліў, што правядзенне форуму сведчыць аб тым, што бакі пераходзяць да рэальнага і канкрэтнага супрацоўніцтва і пачынаюць абмяркоўваць надзённыя праблемы.

Гэта пытанні правядзення дзяржзакупак, інфармацыйных тэхналогій, энергазберажэння, транспарту і лагістыкі.

Андрэй Шорац выказаў упэўненасць, што на форуме будуць заключаны ўзаемавыгадныя кантракты, а таксама звярнуў увагу на вялікую цікавасць да мерапрыемства, у якім удзельнічаюць 130 беларускіх кампаній і больш за 30 - з Расіі.

Пасол Расіі Аляксандр Сурыкаў назваў знамянальным той факт, што Маскоўска-беларускі форум дзелавога супрацоўніцтва праходзіць на фоне Форуму рэгіёнаў Беларусі і Расіі.

"Мы вітаем цесную работу рэгіёнаў Беларусі і Расіі, і тым больш сталічных рэгіёнаў, таму што ў іх сканцэнтраваны асноўныя навукова-вытворчыя сілы нашых дзяржаў. Разлічваю, што за форумам пойдуць не толькі рост тавараабароту, але і рост вытворчага патэнцыялу рэгіёнаў Беларусі і Расіі", - сказаў Аляксандр Сурыкаў.

Дні Масквы праходзяць 6-8 чэрвеня ў Мінску. Мерапрыемства арганізуе Дэпартамент знешнеэканамічных і міжнародных сувязей расійскай сталіцы.

Праграма дзён шырокая і шматпланавая. 7-га чэрвеня вечарам у Палацы Рэспублікі адбудзецца гала-канцэрт майстроў мастацтваў. У Доме Масквы ў Мінску 8 чэрвеня народны артыст СССР Васіль Ланавой і артысты маскоўскіх тэатраў прадставяць праект "Бессмяротны полк", а галоўнае архіўнае ўпраўленне горада Масквы пакажа гісторыка-дакументальную выстаўку, прымеркаваную да Дня памяці і смутку - 75-годдзя пачатку Вялікай Айчыннай вайны.

Лепш даведацца пра Маскву дазволяць мінчанам кніжная выстаўка, сфарміраваная з лепшых узораў выдавецкіх праграм урада расійскай сталіцы, і фотавыстаўка "Мая Масква".

У праграме дзён таксама таварыскія сустрэчы па хакеі паміж юнацкімі зборнымі камандамі Масквы і Мінска, культурныя мерапрыемствы.

7 чэрвеня 2016, Мінск
Аксана Каруна - БЕЛТА

Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/17-408/6/35846
Текущая дата: 19.11.2024