Пра гэта Прэзідэнт заявіў 27 лістапада, прымаючы ў Мінску губернатара Санкт-Пецярбурга Георгія Палтаўчанку.
"Мяне сёння паводзіны расійскіх уладаў не проста здзіўляюць, а засмучаюць. Калі ў хуткім часе не будзе нармалізаваны гандаль паміж дзвюма краінамі, мы вымушаныя будзем рэагаваць. Што гэта за паводзіны такія?!" — абурыўся Лукашэнка.
"І прычым, ведаеце, што крыўдзіць? Вось узнікнуць праблемы ў Казахстана, дапусцім, і Беларусі аднолькавыя, адно тэлефанаванне — і ўсё добра з Казахстанам. У мяне складваецца ўражанне, што на прыкладзе Беларусі чарговым разам, узяўшыся то за газавую трубу, то за нафтавую, а зараз за харчовыя пытанні, хочуць паказаць камусьці ці ўсяму свету, правучыць некага. Але мы ж не шчанюкі, каб нас за карак вадзіць, выбачайце за гэтую грубасць", — цытуе Лукашэнку дзяржаўнае агенцтва БелТА.
Пасол РФ у Беларусі Аляксандр Сурыкаў, які прысутнічае на сустрэчы, заўважыў, што ў гэтай сітуацыі трэба сесці і дамовіцца. Лукашэнка ў адказ сказаў, што "гэта цалкам адхіляецца з расійскага боку". "Трэба было ўчора Сямашку (першы віцэ-прэм`ер Беларусі Уладзімір Сямашка. — БелаПАН.) сустрэцца з Дварковічам (віцэ-прэм`ерам РФ Аркадзь Дварковіч. — БелаПАН.), каб акрэсліць нейкія шляхі", — сказаў ён.
Пры гэтым Лукашэнка нагадаў пра пагадненні ў межах Еўразійскага эканамічнага саюза, які павінен пачаць дзейнічаць 1 студзеня 2015 года і прадугледжвае бесперашкоднае перамяшчэнне тавараў, грузаў і працоўнай сілы. "Якія могуць быць перашкоды ў пастаўках тавараў? — абурыўся беларускі кіраўнік. — Мы фактычна адна краіна. Навошта вы гэта робіце? Калі вы лічыце, што мы нешта парушылі, мы ж без усякіх скандалаў можа разабрацца ў гэтым".
Лукашэнка заявіў, што ўзяў гэтыя пытанні пад свой кантроль. "Тры месяцы мы на гэта не рэагавалі — бачу, што пытанні не вырашаюцца. Не трэба нас прэсаваць. Мы былі вам надзейнымі сябрамі і будзем, але калі вы нас пачняце шчаміць, вы ведаеце, што я цярпець не буду", — папярэдзіў ён.
"І потым, я не разумею: вы што, спецыяльна гэта робіце, каб падсцёбнуць цэны ў Расійскай Федэрацыі? Мы ж пастаўляем вам прадукцыю па самых нізкіх цэнах. Але дэфіцыт тавараў, асабліва мясной прадукцыі, на рынках Расіі — гэта ж рост цэн. Навошта вы гэта робіце? Мне наогул гэта незразумела", — зазначыў ён.
"Нам кажуць наўпрост, што мы перапрацоўваем сыравіну, купляем нешта на Захадзе. Але мы дамовіліся з прэзідэнтам Расіі і з прэм`ерам, што гэта не парушэнне эмбарга, — працягнуў кіраўнік дзяржавы. — Што граху таіць, сёння, калі ў іх узніклі праблемы, асабліва ў суседзяў, яны гатовыя па мізэрных цэнах гэтую сыравіну аддаваць. І дзякуй. 100 мільёнаў заробіць Беларусь на працягу года — гэта што, грошы? І гэта што — дрэнна?"
Лукашэнка звярнуў увагу на тое, што Беларусі трэба вяртаць крэдыты Расіі. "Пуцін кажа: вам ніхто не перашкаджае, перапрацоўвайце сыравіну, але прамога транзіту не павінна быць. Дайшлі да таго, што паставілі ў Манголію партыю тавару, а недзе ў Бураціі вярнулі тавар назад. Але ж гэта пастаўкі ў Манголію. Пастаўляюць у Казахстан. Расіяне: у нас насцярожанасць, што з Казахстана завязуць у Расію. Дык вы кантралюйце казахаў, каб яны не завезлі", — параіў кіраўнік дзяржавы.
"Калі нехта з вашых хоча пагрэць рукі на сітуацыі, падняць цану, то гэта не наша пазіцыя. Мы народы павінны абараняць. Сёння расіянам нялёгка, цэны падымаюцца кожны дзень. У Новасібірску ўзнікла праблема з грэчкай. Ёсць у нас магчымасць — 120 тон у Новасібірск адразу ж адправім. Мы стараемся вырашаць вашы праблемы, а вы пачынаеце нас душыць. Нельга так рабіць", — падкрэсліў Лукашэнка.
Ён заявіў, што Беларусь стараецца дапамагчы збіць цану на тавары ў Расіі, прапаноўваючы больш танную беларускую прадукцыю, і параіў расійскаму боку разабрацца "з рознымі махлярамі, якія на гэтым жыруюць, з гандлярамі і іншымі". "Нам трэба ліквідоўваць усякія бар`еры. Сяброў у нас у свеце вы ведаеце колькі. І вы ведаеце, якая пазіцыя ў іншых дзяржаў. Таму давайце не губляць плячо адзін аднаго", — падкрэсліў ён.
Паводле слоў Лукашэнкі, той факт, што "Беларусь меншая за Расію", не азначае, што "яна ні на што не здольная". "Мы вельмі нават многае можам. І мы ніколі не кідалі Расію. Не кінем і ў цяперашняй сітуацыі. Мы на гэтым сваю карысць шукаць не маем намеру. Гэта наша Расія, і мы яе будзем ахоўваць, як сваю тэрыторыю", — сказаў ён.
Нагадаем, у лістападзе Расія ўвяла забарону на ўвоз мясной і малочнай прадукцыі амаль 20 беларускіх прадпрыемстваў "у сувязі з недапушчальным узроўнем утрымання антыбіётыкаў, а таксама сальманелы і кішэчных палачак у прадукцыі гэтых прадпрыемстваў".
26 лістапада ў Маскве прайшлі перамовы дэлегацый Рассельгаснагляду і Місельгасхарча Беларусі. Прадстаўнікі РФ выказалі сумненне адносна эфектыўнасці працы беларускай дзяржсістэмы кантролю, а таксама заявілі пра неабходнасць правесці сумесную ацэнку дзейнасці беларускіх лабараторый і навуковых устаноў на прадмет кваліфікацыі спецыялістаў, аснашчанасці абсталяваннем і методык, што выкарыстоўваюцца.
Намеснік міністра сельскай гаспадаркі і харчавання Беларусі Ігарь Брыло на перамовах заявіў, што пасля ўвядзення абмежаванняў на пастаўкі прадукцыі з шэрагу беларускіх прадпрыемстваў малочная і птушкагадоўчая галіны краіны панеслі істотныя страты. "Беларускі бок выказаў гатоўнасць фрагментарна разабрацца ў прычынах усіх неадпаведнасцяў і парушэнняў, што выяўляюцца расійскім бокам, а таксама прыняць рабочую групу для ацэнкі сістэмы дзяржаўнага кантролю ў рэспубліцы", — паведаміў паводле вынікаў перамоў Рассельгаснагляд.
Сяргей Каралевіч, БелаПАН
Мінск, 27 лістапада 2014
Мінск, 27 лістапада 2014
Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/17-408/7/28426
Текущая дата: 22.12.2024