Белорусский портал в Казахстане

Беларусь падпіша дарожную карту аб падрыхтоўцы свайго касманаўта ў Расіі



Паводле слоў навукоўцаў, беларускія спецыялісты маюць намер таксама падключыцца да расійскай месячнай праграмы і праектаў па вывучэнні іншых планет.

Акадэмія навук Беларусі плануе падпісаць з Раскосмасам "дарожную карту" падрыхтоўкі беларускага касманаўта, расказалі ў панядзелак прадстаўнікі НАН.

Аб тым, што вучоныя дзвюх краін распрацуюць навуковую праграму знаходжання беларускага касманаўта на Міжнароднай касмічнай станцыі, стала вядома яшчэ ў студзені гэтага года. Паводле слоў начальніка ўпраўлення аэракасмічнай дзейнасці апарата НАН Беларусі Пятра Віцязя, створана міжведамасная камісія, якая займаецца гэтым пытаннем.

"Першая задача - падабраць таго, хто можа паляцець. Гэта можа быць як мужчына, так жанчына. Пытанне - якія задачы яны будуць выконваць у космасе. Я думаю, што ў першым паўгоддзі (2022-га) мы падпішам "дарожную карту" падрыхтоўкі беларускага касманаўта на базе Раскосмасу," - заявіў ён на прэс-канферэнцыі ў Менску.

Касмічныя даходы

Акадэмік зазначыў, што сёння ў беларускай касмічнай галіне працуе каля 400 чалавек. Іх дзейнасць звязана з дыстанцыйным зандаваннем Зямлі і навігацыяй беларускага спадарожніка на арбіце.

"У цэлым калі гаварыць аб эканамічным эфекце беларускіх тэхналогій, якія выкарыстоўваюцца ў космасе, даходы перавысілі расходы ў гэтым напрамку больш як на 20 млн долараў. А калі ўзяць у цэлым па выніках і саюзных праграм, то мы зарабілі на новы спадарожнік, над якім цяпер працуем з расейскімі калегамі", - падкрэсліў Віцязь.

Паводле яго слоў, беларусы хочуць таксама ўдзельнічаць у расійскай месячнай праграме і падключыцца да праектаў па вывучэнні іншых планет.

Таксама ён зазначыў, што на бліжэйшай сустрэчы Пуціна і Лукашэнкі прэзідэнты могуць абмеркаваць у тым ліку сумесныя работы ў галіне высокіх тэхналогій і стварэнне новага спадарожніка.

Новы спадарожнік

Беларускі спадарожнік, запушчаны ў 2012 годзе, будзе функцыянаваць на калязямной арбіце і рабіць здымкі планеты як мінімум да 2025 года. Спецыялісты расказалі, што з ім будзе потым.

"На працягу 20-25 гадоў, паводле нашых балістычных разлікаў, ён натуральным чынам увойдзе ў шчыльныя пласты атмасферы і згарыць. Паліва пакуль ёсць, каб падтрымліваць спадарожнік на арбіце да 2025 года", - растлумачыў дырэктар навукова-інжынернага рэспубліканскага унітарнага прадпрыемства "Геаінфармацыйныя сістэмы" НАН Беларусі Сяргей Залаты.

Цяпер беларускія і расійскія навукоўцы займаюцца распрацоўкай новага спадарожніка, а дакладней цэлай групоўкі апаратаў звышшырокага дазволу.

"Можна будзе праводзіць не толькі фотаздымку аб`ектаў, але і рабіць паўтарахвілінныя відэаролікі. Да моманту запуску такіх груповак будзе адзінкавая колькасць ва ўсім свеце", - канстатаваў навуковец.

Мінск, 11 красавіка 2022
Sputnik

Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/17-411/2/64463
Текущая дата: 05.11.2024