Падчас сустрэчы прэзідэнтаў Беларусі і Расіі Аляксандра Лукашэнка і Уладзіміра Пуціна ў Сочы, апроч іншага, была дасягнута дамоўленасць аб адкрыцці новых рэйсаў «Белавіі» ў расійскія гарады. Апошняя інфармацыя на тэму аднаўлення транспартных зносін паміж краінамі такая.
Расія павялічвае авіяцыйныя і чыгуначныя зносіны з Беларуссю. Рашэнне аб гэтым было прынята 31 мая аператыўным штабам па папярэджанні завозу і распаўсюджвання новай каранавіруснай інфекцыі на тэрыторыі Расіі.
«Прынята рашэнне аб павелічэнні з 10 чэрвеня колькасці авіярэйсаў з Беларуссю па маршруце Масква — Мінск да дзесяці разоў на тыдзень на ўзаемнай аснове», — гаворыцца ў распаўсюджаным паведамленні аператыўнага штаба.
Таксама з 10 чэрвеня будуць адноўлены чыгуначныя зносіны паміж Беларуссю і Расіяй па маршрутах Гомель — Масква і Полацк — Масква на штодзённай аснове. Акрамя таго, павялічыцца колькасць вагонаў у цягніках «Ластаўка» па маршруце Масква — Мінск. Іх пусцілі паміж дзвюма сталіцамі 30 красавіка. Час у дарозе займае менш за сем гадзін.
У абарачэнне прызначаны дзве пары новых хуткасных міжнародных цягнікоў № 717/722 і № 721/718 Масква — Мінск — Масква фарміравання расійскага боку. Гэтыя цягнікі курсіруюць штодня і адпраўляюцца з пачатковых і прыбываюць у канчатковыя пункты прызначэння па люстэркавым раскладзе двойчы ў дзень.
Цягнікі № 722/717 з Мінска і Масквы адпраўляюцца ў 6.20 і прыбываюць у Маскву і Мінск у 13.10. У дарозе яны робяць прыпынкі ў Оршы і Смаленску.
Цягнікі № 718/721 з Мінска і Масквы адпраўляюцца ў 16.00 і прыбываюць на канчатковыя пункты прызначэння ў 22.55. У дарозе робяць прыпынкі ў Оршы, Смаленску і Вязьме.
Беларуская чыгунка звяртае ўвагу, што ажыццяўленне праезду названымі цягнікамі прадугледжана толькі для грамадзян Рэспублікі Беларусь і Расійскай Федэрацыі.
«Белавія» запусціла рэгулярныя рэйсы ва Уфу. Раней авіяперавозчык адкрыў такія напрамкі, як Екацярынбург і Самара. Уфа стала дзявятым рэгулярным маршрутам у Расію, даступным пасажырам у цяперашні момант, гаворыцца на сайце «Белавія».
Па маршруце Мінск — Самара — Мінск авіякампанія пачала выконваць рэйсы з 5 мая. Палёты адбываюцца па серадах з вылетам з Мінска ў 0.15 і прыбыццём у Міжнародны аэрапорт Самары «Курумоч» у 3.25. Зваротныя рэйсы ў сталіцу Беларусі ажыццяўляюцца ў гэты ж дзень у 4.25 з прылётам у Нацыянальны аэрапорт Мінск у 5.55. Час для ўсіх аэрапортаў названы мясцовы. Пералёт у адзін бок зойме крыху больш за дзве гадзіны, паведамляе авіякампанія.
Палёты «Белавіі» ў Екацярынбург пачаліся з 7 мая па пятніцах з вылетам з Мінска ў 23.10 і прыбыццём у 4.10 у Міжнародны аэрапорт «Кальцова». Зваротны рэйс — па суботах з вылетам у 5.10 і прыбыццём у Нацыянальны аэрапорт Мінск у 6.25. Час для ўсіх аэрапортаў названы мясцовы. Пералёт у адзін бок зойме каля трох гадзін.
Мінімальная цана квіткоў па тарыфе LІGHT для Самары складае 84 еўра ў адзін бок і 163 еўра туды-назад. Для Екацярынбурга: у адзін бок — 143 еўра, у абодва бакі — 233 еўра.
Рэйсы Мінск — Уфа — Мінск будуць выконвацца адзін раз на тыдзень — па панядзелках. Вылет з Нацыянальнага аэрапорта Мінск у 0.10, прыбыццё ў Міжнародны аэрапорт «Уфа» — у 4.55. Зваротны рэйс з Уфы плануецца ў 6.20 з прылётам у Мінск у 7.05. Час для ўсіх аэрапортаў названы мясцовы.
У адзін бок дарога зойме 2 гадзіны 45 хвілін. Кошт аднаго білета стартуе ад 98 еўра па мінімальным тарыфе без багажу (LІGHT), у абодва бакі — ад 183 еўра.
«Мы рады, што аэрапорт «Уфа» стане адным з ключавых авіяцыйных вузлоў, якія забяспечваюць прамыя паветраныя зносіны паміж Расіяй і Беларуссю, — сказаў камерцыйны дырэктар Дзяніс Нікіцін. — Адкрыццё рэйса з Уфы ў Мінск будзе спрыяць развіццю партнёрства паміж краінамі ЕАЭС і ўмацаванню дзелавых сувязяў. Упэўненыя, што новы напрамак дапаможа развіццю не толькі бізнесу, але і турызму».
На нядаўняй нарадзе Прэзідэнт Аляксандр Лукашэнка сказаў, што міністэрствамі транспарту Беларусі і Расіі абмяркоўваюцца іншыя напрамкі палётаў самалётаў «Белавіі». Таксама кіраўнік дзяржавы паабяцаў кампаніі падтрымку.
«А што «Белавія»? Не дачакаецеся! Мы не скароцім персанал на 50 працэнтаў, як вы хацелі б. Мы прарвёмся! «Васількі» застануцца ў небе, мы будзем лятаць!» — напісаў у сацыяльных сетках генеральны дырэктар «Белавіі» Ігар Чаргінец у адказ на закрыццё паветранай прасторы еўрапейскіх краін для самалётаў кампаніі.
...Заканчваючы тэму аднаўлення транспартных зносін паміж дзвюма краінамі, застаецца дадаць колькі слоў пра аўтобусныя маршруты. Так, адновяцца аўтобусныя рэйсы ў два расійскія гарады: у чэрвені «Мінсктранс» пачне выконваць іх у Маскву і Санкт-Пецярбург. Аўтобусы пачнуць хадзіць з Мінска 4 чэрвеня.
Так, рэйс Мінск — Санкт-Пецярбург будзе выконвацца праз дзень адпраўленнем з беларускай сталіцы ў 19.00, назад — у той жа час наступных сутак.
Рэйс Мінск — Масква ўстаноўлены па такім жа графіку, але з іншым часам выезду: з Мінска — у 20.30, з расійскай сталіцы — у 19.00 (аўтавакзал «Паўднёвыя вароты») і ў 20.45 (аўтавакзал «Салар`ева»).
Аўтар: Сяргей Расолька
Звязда, 2 чэрвеня 2021
Звязда, 2 чэрвеня 2021
Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/17-411/3/59614
Текущая дата: 23.12.2024