Белорусский портал в Казахстане

Калі людзі не могуць забяспечыць сябе прадуктамі харчавання, няма чаго размаўляць аб суверэнітэце і незалежнасці



Менавіта таму ў Беларусі ўдзяляюць павышаную ўвагу развіццю сферы АПК. Аб гэтым кіраўнік дзяржавы Аляксандр Лукашэнка заявіў на сустрэчы з губернатарам Пермскага края Расіі Дзмітрыем Махоніным.

"Мы захавалі сваю сельскую гаспадарку. Не таму, што я некалі працаваў у сельскай гаспадарцы. Я шмат дзе працаваў. Пытанне не ў гэтым, а ў тым, што тады, пасля распаду Савецкага Саюза, людзі галадалі, есці не было чаго. Калі людзі не накормлены, не могуць сябе забяспечыць прадуктамі харчавання, няма чаго размаўляць аб суверэнітэце, незалежнасці і наогул аб існаванні. Таму мы тады ўчапіліся ў некаторыя галіны. Мы захоўвалі традыцыйныя нашы напрамкі вытворчасці, супрацоўніцтва, школы, але мы нямала зрабілі для таго, каб накарміць і апрануць людзей. Адсюль развіццё сельскай гаспадаркі. Гэта галоўная прычына - накарміць і апрануць людзей. Таму сёе-тое мы навучыліся рабіць, сяго-таго дасягнулі", - сказаў кіраўнік дзяржавы.


Прэзідэнт прапанаваў губернатару Пермскага края пры неабходнасці падзяліцца адпаведнай практыкай і напрацоўкамі, пачынаючы ад малочнатаварных комплексаў, адкормачнікаў, птушкафабрык.

"Усё, што вам спадабаецца, мы гатовы для вас рэалізаваць", - запэўніў Аляксандр Лукашэнка.

Кіраўнік дзяржавы заўважыў, што калі на Сахаліне і ў Амурскай вобласці рэалізуюцца сумесныя з Беларуссю праекты ў сельскай гаспадарцы, то працаваць у Пермскім краі і бог распарадзіўся.

"Паглядзіце на сельскую гаспадарку. І, самае галоўнае, сельгасмашынабудаванне. Поўны комплекс, шлейф неабходны. Калі трэба спецыялістаў падвучыць у гэтым плане, калі ласка, прысылайце, прыязджайце, мы гатовы паказаць. І ў тым ліку не толькі сельгастэхніку, але і племянную, селекцыйную справу. Мы гэта захавалі і не загубілі", - прапанаваў Прэзідэнт.

Ён адзначыў, што якраз гэтымі днямі абмяркоўваў сітуацыю ў сельскай гаспадарцы з адказнымі членамі ўрада, каб у гэтым напрамку яшчэ дабавіць і не дапускаць замшэласці як з пункту гледжання развіцця асноўных напрамкаў, так і ў сферы кадраў.

Аляксандр Лукашэнка таксама звярнуў увагу на намер кіраўніцтва Пермскага края правесці ў рэгіёне аграрны форум. Беларускі бок гатовы падключыцца і дапамагчы ў гэтай справе, маючы шматгадовы досвед правядзення міжнароднай выстаўкі "Белагра". "У гэтых адносінах гатовы з вамі працаваць і ўдзельнічаць у арганізацыі і правядзенні гэтага форуму", - сказаў Прэзідэнт.

28 ліпеня 2022, Мінск
БЕЛТА

Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/17/13/65948
Текущая дата: 05.11.2024