Белорусский портал в Казахстане

Больш за 40 беларускіх прадпрыемстваў могуць удзельнічаць у дзяржзакупках на тэрыторыі Расіі



Такую інфармацыю агучылі ў эфіры тэлеканала «Беларусь 1».

Больш за 40 беларускіх прадпрыемстваў машынабудавання і лёгкай прамысловасці ўжо атрымалі поўны доступ да дзяржзакупак у Расіі. Яны ўключаны ў Еўразійскі рэестр прамысловай прадукцыі. 

У мінулым годзе абмежаванні былі звязаны з правіламі гульні на тэрыторыі Расіі — у муніцыпальных тэндарах маглі ўдзельнічаць толькі прадпрыемствы, у якіх у прадукце высокая доля менавіта расійскіх камплектуючых.

Са жніўня 2020-га ў МАРГ пачалі фармаваць правілы доступу да вялікіх заказаў і рэестр. Цяпер ступень лакалізацыі пашырана да пяцёркі ЕАЭС. Тым самым краіны ўмацавалі эканамічныя перавагі работы на адзінай прасторы.

28 беларускіх прадпрыемстваў атрымалі сертыфікат і допуск да расійскіх дзяржзакупак у мінулым годзе, у бягучым — яшчэ 19.

«На сёння ў цэлым у Еўразійскі рэестр прадугледжана ўключэнне 255 відаў прадукцыі амаль з 10 галін. Гэта спецмашынабудаванне, аўтамабілебудаванне, лёгкая прамысловасць. Асноўныя нашы буйныя прамысловыя прадпрыемствы ўжо ў гэтым рэестры. Гэта гарантаваныя кантракты і аплата за кошт бюджэтных сродкаў. Удзельнічаючы ў гэтых закупках, прадпрыемствы могуць разлічваць на атрыманне гарантаванага прыбытку і вялікіх аб’ёмаў заказаў», — адзначыла начальнік упраўлення дзяржзакупак МАРГ Наталля Гурыновіч.

У базе ўжо розныя мадэлі машын ААТ «МТЗ», «МАЗ», «Амкадор».

Паводле слоў старшыні БелГПП Уладзіміра Улаховіча, гэта тэма актуальна і для невялікіх прадпрыемстваў. «Дзяржзакупкі гэта ўсё: ад канцылярскіх сашчэпак да пабудовы стадыёнаў. Таму гэта вельмі важна. Яшчэ адзін момант, на які варта звярнуць увагу: калі вы ўдзельнічаеце ў дзяржзакупках, у вас якасная прадукцыя, то вам не трэба несці дадатковыя расходы на рэкламную падтрымку, дадатковыя мерапрыемствы», — адзначыў ён.

Спіс для ўключэння ў рэестр адкрыты. БелГПП працуе над кожнай заяўкай.

Звязда, 14 красавіка 2021

Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/17/19/58879
Текущая дата: 06.11.2024