Белорусский портал в Казахстане

Бюджэт Саюзнай дзяржавы на 2019 год прыняты ў першым чытанні



Парламенцкі сход Саюза Беларусі і Расіі 21 снежня на сесіі ў Маскве прыняў у першым чытанні праект бюджэту Саюзнай дзяржавы на 2019 год.

Прадстаўляючы праект, дзяржсакратар Саюзнай дзяржавы Рыгор Рапота паведаміў, што па даходах бюджэт СД на 2019 год вызначаны ў памеры 7 млрд 245 млн расійскіх рублёў.

Большая частка даходаў будзе сфармавана за кошт адлічэнняў дзяржаў - удзельніц Саюзнай дзяржавы. Так, адлічэнні Расіі ў саюзны бюджэт запланаваны ў памеры 3 млрд 167 млн расійскіх рублёў, Беларусі - 1 млрд 705 млн расійскіх рублёў.

Акрамя таго, у даходную частку бюджэту будуць уключаны астаткі бюджэтаў Саюзнай дзяржавы мінулых гадоў у памеры 2 млрд 371,8 млн расійскіх рублёў, а таксама даходы, атрыманыя Тэлерадыёвяшчальнай арганізацыяй Саюзнай дзяржавы ад прадпрымальніцкай дзейнасці ў суме 1,2 млн расійскіх рублёў.

Дзяржсакратар падкрэсліў, што прыярытэтным у расходнай частцы бюджэту ў 2019 годзе стане фінансаванне навукова-тэхнічных праграм, нацэленых на атрыманне новых тэхналогій і інавацыйных прадуктаў. Праектам бюджэту прадугледжваецца фінансаванне 36 праграм, праектаў і мерапрыемстваў. Другое чытанне па праекце бюджэту Саюзнай дзяржавы на 2019 год запланавана правесці 22 снежня пасля абмеркавання дакумента на пагаджальнай камісіі па бюджэце.

 22 снежня 2018, Масква
Эдуард Півавар - БЕЛТА

Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/17/30/46164
Текущая дата: 06.11.2024