Белорусский портал в Казахстане

Мы не дзелім Расію і Беларусь па граніцах, а спрабуем пабудаваць нешта агульнае



Аб гэтым заявіў Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка 13 лістапада на сустрэчы з губернатарам Калінінградскай вобласці Расіі Антонам Аліханавым.

"Спадзяюся, мы будзем і далей развіваць нашы адносіны менавіта ў тым ключы, што мы людзі не чужыя, у нас адзіная Айчына. Мы не дзелім Расію і Беларусь па граніцах, а спрабуем пабудаваць нешта агульнае - назвалі яго Саюзнай дзяржавай", - сказаў Аляксандр Лукашэнка.

Прэзідэнт звярнуў увагу на асобныя пытанні, з якімі сутыкаецца як Беларусь, так і Калінінградская вобласць, а ў яе асобе Расія.



"Тое, што адбываецца на граніцах з Беларуссю, - гэта люстраны адбітак граніцы з Калінінградам. Мы сутыкаемся твар у твар, лоб у лоб з актывізацыяй НАТА. Ды і ў эканоміцы, ведаеце, у гандлі кожны клапоціцца там аб сваіх інтарэсах. Не скажу, што яны нас ужо вельмі любяць - і вас, і нас, Расію і Беларусь. Таму, як бы тут не абмяркоўвалі гэтыя пытанні, не рабілі нас празаходнімі і гэтак далей, мы цудоўна разумеем, што гэта рыторыка. А канкрэтныя факты сведчаць аб тым, што нам няма на каго разлічваць, нам, беларусам і расіянам, трэба бачыць свой інтарэс, інтарэс сваіх народаў", - падкрэсліў кіраўнік дзяржавы. 

"Вы заўсёды можаце разлічваць на Беларусь. У цяжкую хвіліну мы заўсёды падставім плячо, - заявіў Аляксандр Лукашэнка. - Вы павінны ведаць, што ў любую хвіліну можаце знайсці падтрымку ў сваіх родных людзей тут, у Беларусі. Я хачу, каб вы так і разумелі ідэалогію нашых адносін".

Як адзначыў Прэзідэнт, Беларусь і Калінінградскую вобласць звязваюць цесныя адносіны яшчэ з савецкіх часоў.

"Так склалася, што Беларусь заўсёды адказвала ў савецкія часы за Калінінградскую вобласць. Мы вельмі блізкія, нашых людзей вельмі шмат там працавала - засталіся, жывуць, - канстатаваў ён. - У сярэдзіне 1990-х я сказаў, што Калінінградскую вобласць мы ў крыўду не дадзім, беларусы заўсёды адказвалі за яе і будуць адказваць".

13 лістапада 2017, Мінск
Міхаіл Маціеўскі - БЕЛТА

Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/17/34/41094
Текущая дата: 06.11.2024