Белорусский портал в Казахстане

На вучэннях "Захад-2017" плануецца практычна задзейнічаць максімальную колькасць органаў ваеннага кіравання



Аб гэтым паведаміў 29 жніўня на брыфінгу ў Мінску начальнік Генеральнага штаба Узброеных сіл Беларусі, кіраўнік вучэнняў ад беларускага боку генерал-маёр Алег Белаконеў.

На беларуска-расійскіх сумесных стратэгічных вучэннях "Захад-2017" будзе створанае такое становішча, каб практычна задзейнічаць максімальную колькасць органаў ваеннага кіравання.

Паводле слоў Алега Белаконева, ў аснову розыгрышаў практычных эпізодаў пакладзеныя варыянты сумесных дзеянняў беларускіх і расійскіх часцей і падраздзяленняў, якія ўваходзяць у склад рэгіянальнай групоўкі войскаў, пры ўдзеле ў прыкрыцці ўчасткаў дзяржмяжы, ахове і абароне ваенных аб`ектаў, блакаванні і ліквідацыі дыверсійна-разведвальных груп і незаконных узброеных фармаванняў, а таксама вядзенні абарончага бою ў выпадку ўварвання на тэрыторыю Саюзнай дзяржавы.

Практычныя дзеянні падчас вучэнняў будуць праходзіць на 227-м агульнавайсковым палігоне (Барысаўскі), 174-м вучэбным палігоне ВПС і войскаў СПА (Даманаўскі), 210-м авіяцыйным палігоне (Ружанскі), палігонах Лепельскі, Лосвіда і Асіповіцкі, а таксама на двух участках мясцовасці ў Віцебскай вобласці (Дрэтунь і Глыбокае).

Белаконеў асабліва звярнуў увагу на тое, што "пры вызначэнні раёнаў практычных дзеянняў войскаў для выключэння напружанасці ў адносінах з суседнімі краінамі" беларускім бокам свядома была аддадзеная перавага палігонам, размешчаным на значнай адлегласці ад дзяржмяжы.

Вучэнні будуць праведзеныя ў два этапы.

На першым этапе (14—16 верасня), паводле слоў начальніка Генштаба, аб`яднаным камандаваннем рэгіянальнай групоўкі войскаў "прадугледжваецца ажыццявіць завяршэнне падрыхтоўкі войскаў (сіл) да баявога прымянення па ізаляцыі раёнаў дзеянняў незаконных узброеных фармаванняў і дыверсійна-разведвальных груп праціўніка, нарошчванне групоўкі ВПС і войскаў СПА для прыкрыцця важных дзяржаўных і ваенных аб`ектаў, падрыхтоўку да адбіцця магчымай агрэсіі, а таксама адпрацоўку пытанняў арганізацыі ўсебаковага забеспячэння створаных груповак войскаў".

На другім этапе (17—20 верасня) плануецца адпрацаваць пытанні кіравання войскамі падчас вядзення ваенных дзеянняў пры адбіцці агрэсіі супраць Саюзнай дзяржавы ва ўмовах хутка зменнага становішча, арганізацыі ўзаемадзеяння і ўсебаковага забеспячэння ў інтарэсах вырашэння пастаўленых задач.

Белаконеў адзначыў, што ў адпаведнасці з задумай вучэнняў колькасць войскаў, што ўдзельнічаюць у іх, і прыцягнутых танкаў, баявых бранаваных машын, самаходнай і буксаванай артылерыі, колькасць запланаваных самалёта-вылетаў не перавышаюць узровень, які падлягае абавязковаму назіранню за пэўнымі відамі ваеннай дзейнасці згодна з рознымі дагаворамі і пагадненнямі ў галіне кантролю над узбраеннямі.

Агульная колькасць асабовага складу, які будзе ўдзельнічаць у вучэннях, складзе прыблізна 12.700 вайскоўцаў. Пры гэтым на тэрыторыі Беларусі будзе задзейнічана прыкладна 10.200 чалавек (ад Беларусі — крыху больш за 7 тыс., ад Расіі — прыблізна 3 тыс.), 370 адзінак бранятанкавай тэхнікі, у тым ліку прыкладна 140 танкаў, да 150 адзінак артылерыі і рэактыўных сістэм залпавага агню, больш за 40 самалётаў і верталётаў. Пра гэта 2 жніўня былі праінфармаваныя дзяржавы — удзельніцы АБСЕ згодна з Венскім дакументам 2011 года.

Вячаслаў Будкевіч
БелаПАН, 29 жніўня 2017

Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/17/35/40546
Текущая дата: 06.11.2024