Белорусский портал в Казахстане

Расія павялічыць пастаўкі нафты ў Беларусь у чацвёртым квартале да 5 млн тон



Аб гэтым паведаміў афіцыйны прадстаўнік "Транснефці" Ігар Дзёмін.

Пастаўкі расійскай нафты ў Беларусь у чацвёртым квартале будуць павялічаны да 5 млн тон.

"Па пастаўках на НПЗ "Мазыр" і "Нафтан" у адпаведнасці з расійска-беларускім пратаколам у чацвёртым квартале плануецца прапампаваць па нафтаправодзе "Дружба" 5 млн тон (2,6 млн тон і 2,4 млн тон адпаведна)", — цытуе Дзёміна агенцтва ТАСС.

Нагадаем, 10 кастрычніка ў Мінску пасля даклада ў Аляксандра Лукашэнкі віцэ-прэм`ер беларускага ўрада Уладзімір Сямашка зрабіў шэраг заяў аб вырашэнні газавай і нафтавай спрэчкі паміж Расіяй і Беларуссю. Сярод іншага было заяўлена пра тое, што Расіяй у поўным аб`ёме будуць адноўлены пастаўкі нафты на беларускія НПЗ, у той час як Беларусь адменіць раней прынятае рашэнне аб павышэнні тарыфаў на транспарціроўку нафты па сваёй тэрыторыі.

"Мы адрэгулявалі ўсе бягучыя моманты. У трэцім квартале заблакаваная палова пастаўкі нафты ў Беларусь. Мы павінны былі атрымаць 6 млн тон, а цяпер рэальна атрымліваем толькі 3 млн тон. Цяпер усё гэта аднаўляецца. Да 20 кастрычніка павінна аднавіцца пастаўка нафты ў поўным аб`ёме пад поўную загрузку нашых НПЗ", — сказаў віцэ-прэм`ер.

"Мы таксама зрабілі кампрамісныя захады. Нядаўна былі крыху павышаны тарыфы на транзіт нафты. Мы гэта вяртаем назад. Гэта значыць застануцца тыя тарыфы, якія дзейнічалі па стане на 1 кастрычніка", — адзначыў Сямашка.

Аляксей Арэшка, БелаПАН
Мінск, 14 кастрычніка 2016

Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/17/39/37257
Текущая дата: 05.11.2024