Белорусский портал в Казахстане

Расійскія і беларускія ваенныя маюць намер правесці вучэнні на Паўночным полюсе



Пра гэта паведамляе ўпраўленне прэс-службы і інфармацыі Міністэрства абароны РФ.

3 лютага дэлегацыя Паветрана-дэсантных войскаў (ПДВ) Расіі адправілася ў Мінск для ўдзелу ў рабочай сустрэчы з прадстаўнікамі Узброеных сіл Беларусі па ўдакладненні парадку, тэрмінаў і ўмоў правядзення сумесных мерапрыемстваў вучэбна-баявой дзейнасці дзвюх краін у першым паўгоддзі 2016 года.

Асноўнымі сумеснымі мерапрыемствамі ПДВ Расіі і сіл спецыяльных аперацый УС Беларусі стануць як двухбаковыя тактыка-спецыяльныя і тактычныя вучэнні, якія пройдуць на тэрыторыі абедзвюх краін, так і ўдзел вайскоўцаў у гуманітарнай аперацыі на Паўночным полюсе, што мае адбыцца.

Таксама ў планах расійскіх і беларускіх дэсантнікаў — абмен вопытам у падрыхтоўцы ваеннаслужачых спецыяльных падраздзяленняў у аэрадынамічнай трубе, выкарыстанні сучаснага кіслароднага абсталявання пры выкананні вышынных скачкоў і інш.

Сумесныя вучэнні падраздзяленняў ПДВ Расіі і сіл спецыяльных аперацый узброеных сіл Беларусі праводзяцца штогод з мэтай умацавання двухбаковага супрацоўніцтва ў галіне абароны.

Дэлегацыю расійскіх дэсантнікаў у Мінску ўзначальвае намеснік начальніка аддзела па арганізацыі міратворчай дзейнасці камандавання ПДВ палкоўнік Алег Зубараў.

Візіт праводзіцца ў адпаведнасці з планам міжнароднай дзейнасці Мінабароны Расіі.

Міністэрства абароны Беларусі інфармацыю пра сумесныя з Расіяй вучэнні на Паўночным полюсе пакуль не каментуе.

Вячаслаў Будкевіч, БелаПАН
Мінск, 3 лютага 2016

Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/17/41/34081
Текущая дата: 18.09.2024