Белорусский портал в Казахстане

Песні Уладзіміра Мулявіна прагучаць у Крамлі



Творчая спадчына легендарнага беларускага кампазітара, спевака і музыканта Уладзіміра Мулявіна будзе прадстаўлена ў Маскве на самай прэстыжнай канцэртнай пляцоўцы.

5 лютага ў Дзяржаўным Крамлёўскім палацы будзе паказаны спектакль "Мне не забыць тых песень". Пра гэта паведамілі арганізатары канцэрта. Вечар будзе прысвечаны 75-годдзю з дня нараджэння Уладзіміра Мулявіна.

"Вось ужо 12 гадоў, як трагічна пайшоў ад нас гэты дзіўны чалавек, артыст рэдкага таленту, - адзначылі арганізатары. - Засталіся толькі наша любоў да яго і яго песні, якія сталі залатой спадчынай савецкай эстрады. Менавіта іх выканаюць тыя, хто многія гады працаваў з Уладзімірам Мулявіным на адных падмостках, і тыя, хто, пачуўшы яго песні яшчэ ў дзяцінстве, сталі сёння вядомымі выканаўцамі".

Удзельнікамі канцэрта стануць Ларыса Доліна, Тамара Гвердцытэлі, Ігар Нікалаеў, арт-група "Хор Турэцкага", група "A`Studio", Анатоль Ярмоленка, Вольга Кармухіна, Яўген Дзятлаў, Варвара, Сяргей Валчкоў, Пётр Ялфімаў, а таксама музыканты, якія розныя гады працавалі ў "Песнярах": Леанід Барткевіч, Валерый Дайнэка, Анатоль Кашапараў, Уладзіслаў Місевіч, Ігар Пеня, Леанід Тышко, Анатоль Шчолакаў, Алег Аверын.

У праграме прагучаць апрацоўкі беларускіх народных песень, якія прынеслі сусветную славу "Песнярам": "Касіў Ясь канюшыну", "Каляда", "Ой, рана на Івана", лірыка-філасофскія рок-кампазіцыі "Послушайте", "Крик птицы", "Малітва", "Христос воскрес!". І, вядома, будуць выкананы вядомыя песні Аляксандры Пахмутавай, Ігара Лучанка і іншых кампазітараў, якія сталі ў выкананні Уладзіміра Мулявіна і "Песняроў" гонарам песеннай культуры: "Белоруссия", "Беловежская пуща", "Вераніка", "Зачарованая мая", "Наши любимые", "За полчаса до весны", "Берёзовый сок" і многія іншыя.

Дзякуючы сучасным мультымедыйным і пастановачным тэхналогіям голас самога Уладзіміра Мулявіна ў гэты вечар стане таксама паўнацэнным удзельнікам музычнага спектаклю.

4 лютага 2016, Масква
Эдуард Півавар - БЕЛТА

Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/17/42/34106
Текущая дата: 05.11.2024