Белорусский портал в Казахстане

Беларусь і Расія выйшлі на больш высокі ўзровень забеспячэння бяспекі СД



Аб гэтым заявіў 21 кастрычніка ў Маскве на пасяджэнні сумеснай калегіі міністэрстваў абароны Беларусі і Расіі кіраўнік беларускага ваеннага ведамства Андрэй Раўкоў.

На думку міністра, больш высокі ўзровень забеспячэння бяспекі стаў вынікам у тым ліку паспяхова праведзенага ў верасні бягучага года вучэння "Шчыт Саюза".

"Мы навучыліся ў аптымальным рэжыме планаваць сумесную дзейнасць па ўсіх ключавых напрамках, і што вельмі важна, - сумесна рэагаваць на змяненні ваенна-палітычнай абстаноўкі ва Усходне-Еўрапейскім рэгіёне", - сказаў Андрэй Раўкоў.

Ён канстатаваў, што ўзаемадзеянне Узброеных Сіл дзвюх краін стала больш інтэнсіўным. Сёння на пасяджэнні калегіі зацверджаны план мерапрыемстваў Беларусі і Расіі ў абароннай сферы на 2016-2018 гады, які, паводле слоў міністра, дасць магчымасць развіваць нарматыўна-прававую базу, праводзіць сумесныя мерапрыемствы ваеннай і баявой падрыхтоўкі, развіваць ваенна-тэхнічнае супрацоўніцтва, супрацоўніцтва ваенна-паветраных сіл і войскаў проціпаветранай абароны, ажыццяўляць сумесную ваенна-навуковую дзейнасць, а таксама супрацоўнічаць у галіне ваеннай адукацыі.

На пасяджэнні зацверджаны план работы сумеснай калегіі міністэрстваў абароны Беларусі і Расіі на будучы год. Андрэй Раўкоў паведаміў, што гэты план уключае рэалізацыю мерапрыемстваў па забеспячэнні ваеннай бяспекі Саюзнай дзяржавы, выкананне комплексу арганізацыйных і практычных мерапрыемстваў па вызначэнні асноўных падыходаў да падрыхтоўкі і правядзення сумесных вучэнняў "Захад-2017", да ўзаемадзеяння ў галіне радыяцыйнай і хімічнай абароны, прымянення нацыянальных рэжымаў пры закупках для патрэб абароны і бяспекі, арганізацыю інфармацыйнай работы.

"Расійская Федэрацыя з`яўляецца стратэгічным партнёрам і ключавым ваенным саюзнікам ужо на працягу многіх гадоў, - адзначыў Андрэй Раўкоў. - У нас ёсць поўнае ўзаемаразуменне па ўсіх пытаннях, якія адносяцца да кампетэнцыі абаронных ведамстваў. Мы ясна бачым перспектывы нашага далейшага супрацоўніцтва. Паспяховае выкананне запланаваных мерапрыемстваў дасць магчымасць і ў далейшым забяспечваць абараназдольнасць Беларусі і Расіі і Саюзнай дзяржавы ў цэлым".

21 кастрычніка 2015, Масква
Эдуард Півавар - БЕЛТА

Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/17/44/33009
Текущая дата: 27.12.2024