Пра гэта сведчаць звесткі Нацыянальнага банка.
Усяго ў студзені—кастрычніку 2014 года Беларусь атрымала з Расіі валютнай выручкі на 15,22 млрд. долараў, што на 2,6% менш у параўнанні з аналагічным перыядам мінулага года.
Пры гэтым валютная выручка Беларусі ў расійскіх рублях склала ў доларавым эквіваленце 13,26 млрд. долараў. Такім чынам, больш за 87% грашовых паступленняў, што атрымлівае Беларусь з Расіі, у студзені—кастрычніку 2014 года было намінавана ў расійскіх рублях.
Прадстаўнікі беларускага ўрада раней заяўлялі, што з-за разлікаў у расійскіх рублях экспарцёры Беларусі нясуць значныя фінансавыя страты.
"Дэвальвацыя расійскага рубля прыводзіць да таго, што абясцэньваецца наша дэбіторская запазычанасць, і мы нясем вялікія страты з-за курсавых розніц. Нашы спробы перавесці продажы ў долары на расійскім рынку ні да чаго не прывялі", — канстатаваў міністр прамысловасці Дзмітрый Кацярыніч, выступаючы ў канцы кастрычніка ў Палаце прадстаўнікоў.
Прэм`ер-міністр Міхаіл Мясніковіч, выступаючы ў лістападзе ў Палаце прадстаўнікоў, заявіў, што з-за дэвальвацыі расійскага рубля прапарцыянальна павінны былі расці цэны, аднак гэтага не адбылося, і беларускія вытворцы таму павінны шукаць іншыя рынкі збыту.
"Дэвальвацыя павінна была прывесці да эквівалентнага змянення цэн на расійскім рынку. На жаль, гэтага не адбываецца. Па гэтай прычыне прадпрыемствы імкнуцца шукаць іншыя рынкі збыту", — патлумачыў Мясніковіч.
Эканамісты мяркуюць, што калі тэндэнцыя ўмацавання беларускага рубля да расійскага працягнецца, то беларускі экспарт у Расію паменшыцца. "За гэты год мы ўмацаваліся да расійскага рубля ў рэальным выражэнні прыкладна на 20%. Калі такое будзе працягвацца і далей, такая сітуацыя можа выліцца ў значнае зніжэнне беларускага экспарту ў Расію", — лічыць эканаміст Беларускага эканамічнага даследча-адукацыйнага цэнтра (BEROC) Дзмітрый Крук.
Дзмітрый Заяц, БелаПАН
Мінск, 5 снежня 2014
Мінск, 5 снежня 2014
Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/17/48/28485
Текущая дата: 05.11.2024