Белорусский портал в Казахстане

Беларускія прадпрыемствы нясуць вялікія страты праз рэзкую дэвальвацыю расейскай валюты



Зьмяншэньне прыбытку, вымываньне абаротных сродкаў і няпэўнасьць пэрспэктываў у гандлі на расейскім рынку — вось праблемы зь якімі сутыкаюцца беларускія прамыслоўцы.

Многія з іх спадзяюцца, што ўлада наважыцца на дэвальвацыю беларускай валюты. Калі гэта ня будзе, то прамыслоўцы, прадказваюць эканамічную катастрофу ў Беларусі.

Страты ад імклівага абясцэньваньня расейскай валюты нясуць усе прадпрыемствы, якія пастаўляюць сваю прадукцыю на расейскі рынак. Мала хто спадзяецца, што ў бліжэйшай пэрспэктыве сытуацыя хоць неяк у суседняй краіне нармалізуецца, як зазначаюць экспарцёры — «дасягне дна».

«Курс зь лета пастаянна падае. Учора быў 198, а па курсе 300 мы гандлявалі амаль увесь час. Прадаючы расейскія рублі губляем 35-40 працэнтаў сродкаў у беларускіх рублях», — тлумачыць сытуацыю супрацоўнік адміністрацыі бабруйскага акцыянэрнага таварыства «Славянка». — «Але галоўнае, што ў Расеі катастрофа гэта працягваецца. Мы ня ведаем на што нам арыентавацца — што будзе далей».

Паводле суразмоўцы, пакуль на прадпрыемстве ратуюцца назапашанымі сродкамі ад часоў стабільнага гандлю ў Расеі. Тамтэйшы крызіс пакуль не адбіўся на заробках працаўнікоў:

«Мы дужа добра там прадаваліся і ёсьць магчымасьці пакуль выконваць усе абавязкі у поўным аб’ёме, згодна калектыўнай дамове, але ж мы з трывогай глядзім у наступны год». «Славянка» - адно з найвялікшых прадпрыемстваў лёгкай прамысловасьці. Шые адзеньне.

На магілёўскай абутковай фабрыцы, вядомай пад брэндам «Шагавіта» сытуацыя падобная.

Супрацоўнік адміністрацыі прызнаецца, што прадпрыемства губляе ня толькі прыбытак, але нясе вялізныя страты.

«Мы вымушана падвышаем цэны, але ж вы разумееце: калі я падымаю цану, то рэзка падаюць аб’ёмы продажу. У нас экспарт у Расею складае 40 працэнтаў — гэта шмат. У нас быў яшчэ адзін рынак — украінскі. Туды мы наагул нічога не адгружалі сёлета. Там не бяруць нічога. Там думаюць зусім пра іншае як бы ім паесьці і не памерці, ды заплаціць за электрычнасьць і газ», зазначае суразмоўца.

На ягоную думку фінансавае становішча беларускіх экспарцёраў магла выратаваць дэвальвацыя беларускай валюты. Каб курс беларускага рубля адпавядаў курсу расейскага: «У Беларусі 80 працэнтаў экспарту ў Расею. І, калі ў нас нейкай адпаведнасьці ня знойдуць нашы ўлады з расейскім курсам, то я тады ня ведаю што будзе з краінай, ня кажучы ўжо пра наша прадпрыемства».

Думку пра дэвальвацыю падтрымлівае і супрацоўнік адміністрацыі магілёўскага прадпрыемства «Страммашына».

Ён лічыць, што дэвальваваць беларускі рубель неабходна: «Вы ж памятаеце 2011 год, калі ў нас у тры разы рубель „скакануў“. Цяпер няхай ня ў тры разы, але нейкі скачок мае быць. Калі расейскі рубель у тым жа тэмпе і надалей апускацца — гэта папросту прывядзе да катастрофы. На сёньняшні дзень папрацаваўшы два-тры месяцы адбудзецца вымываньне абаротных сродкаў».

Са слоў суразмоўцы штодня завод губляе да аднаго мільярда рублёў прыбытку. Дамовы з расейскімі партнэрамі на пастаўку прадукцыі з магілёўскага прадпрыемства заключаліся па курсе блізкім да трохсот беларускіх рублёў за адзін расейскі. Цяпер цана расейскага рубля — меней за дзьвесьце: «На ўчорашні дзень мы страцілі адзін мільярд беларускіх рублёў. Тое, што тычыцца закупкі сыравіны і матэрыялаў, то сытуацыя больш меньш нармальная, але расейскі бок апошнім часам стаў падымаць цэны. На той жа мэтал, кокс — цэны пайшлі ўверх».

Калі бальшыня прамыслоўцаў казалі пра эканамічны аспэкт уплыву нестабільнасьці расейскай валюты на сытуацыю ў Беларусі, то адзінкі згадвалі палітычны бок праблемы. Адзін з суразмоўцаў зазначыў, што палітычны рэжым у Беларусі не дазваляе дамінаваць эканоміцы над палітыкай. Пытаньне дэвальвацыі беларускай валюты, на ягоную думку, варта разглядаць у палітычнай плоскасьці. Ці гатова ўлада пайсьці на такі крок? — запытаўся эканаміст аднаго з магілёўскіх прадпрыемстваў.

Радыё Свабода
Менск, 14 сьнежня 2014

Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/17/48/28614
Текущая дата: 05.11.2024