Белорусский портал в Казахстане

Беларусь перадае ў Расію матэрыялы крымінальнай справы ў дачыненні да Баўмгертнера і іншых прадстаўнікоў БКК



Аб гэтым паведамілі ў аддзеле інфармацыі і сувязі з грамадскасцю СК Беларусі.

Следчы камітэт Беларусі прыняў рашэнне аб перадачы крымінальнай справы па абвінавачанні былых службовых асоб Беларускай калійнай кампаніі Уладзіслава Баўмгертнера, Сулеймана Керымава і іншых (усяго шэсць) асоб праваахоўным органам Расіі, паколькі ўсе абвінавачаныя з`яўляюцца расійскімі грамадзянамі і знаходзяцца на яе тэрыторыі.

Там таксама праінфармавалі, што ў Следчы камітэт Беларусі паступіў запыт аб аказанні прававой дапамогі, у якім Следчы камітэт Расіі просіць абвясціць ЗАТ "Беларуская калійная кампанія" і ААТ "Беларуськалій" пастанову аб прызнанні апошніх пацярпелымі па крымінальнай справе, якая расследуецца на тэрыторыі РФ у дачыненні да былога старшыні наглядальнага савета БКК Баўмгертнера.

Следчы камітэт Беларусі задаволіў просьбу расійскага боку і праінфармаваў аб прынятым працэсуальным рашэнні прадстаўнікоў указаных суб`ектаў гаспадарання.

Крымінальная справа Следчым камітэтам РФ распачыналася на падставе матэрыялаў, перададзеных раней беларускімі праваахоўнымі органамі.

Па запыце Следчага камітэта Беларусі Генеральная пракуратура Беларусі праводзіць працу па падрыхтоўцы і прад`яўленні іскавых патрабаванняў да асоб, вінаватых у нанясенні ўрону беларускім прадпрыемствам. Цяпер, паводле інфармацыі СК, гэта сума ацэньваецца больш як у 90 млн. долараў.

Нагадаем, былы гендырэктар ААТ "Уралкалій", старшыня наглядальнага савета беларуска-расійскага ЗАТ "Беларуская калійная кампанія" (БКК) Уладзіслаў Баўмгертнер быў затрыманы ў Мінску ў канцы жніўня 2013 года. Першапачаткова ён абвінавачваўся ў злоўжыванні ўладай і службовымі паўнамоцтвамі, затым абвінавачанне было дапоўнена — яго абвінавацілі таксама ў крадзяжы. У лістападзе бізнесмена дэпартавалі ў Расію, дзе ў дачыненні да яго таксама распачата крымінальная справа. Увесь гэты час Баўмгертнер знаходзіцца ў Маскве пад дамашнім арыштам.

Акрамя Баўмгертнера, у Беларусі былі распачатыя крымінальныя справы ў дачыненні да шэрагу службовых асоб ЗАТ "БКК", у прыватнасці, члена наглядальнага савета Алега Пятрова, першага намесніка гендырэктара Канстанціна Саладоўнікава, намесніка гендырэктара па фінансах Ігара Яўстратава, начальніка фрахтовага аддзела Дзмітрыя Самойлава. Падставай для распачынання крымінальных спраў, паводле інфармацыі Следчага камітэта Беларусі, сталі матэрыялы "аб злоўжыванні службовымі паўнамоцтвамі ў карыслівых мэтах, якія пацягнулі нанясенне значнага ўрону дзяржаўным і грамадскім інтарэсам краіны, а таксама нанясенне ўрону ў асабліва буйным памеры ААТ "Беларуськалій" і ЗАТ "БКК".

Аб распачынанні крымінальнай справы ў дачыненні да галоўнага акцыянера "Уралкалія" Сулеймана Керымава Следчы камітэт Беларусі абвясціў у пачатку верасня мінулага года. Ён абвінавачваецца ў арганізацыі злоўжывання ўладай і службовымі паўнамоцтвамі.

Першапачаткова СК паведамляў, што супрацьпраўныя дзеянні Баўмгертнера і шэрагу іншых топ-менеджараў БКК нанеслі ўрон да 100 мільёнаў долараў. Пазней было заяўлена, што сума ўрону можа быць значна павялічана.

2 красавіка генеральны пракурор Беларусі Аляксандр Канюк паведаміў журналістам, што Генпракуратура рыхтуе некалькі іскаў аб пакрыцці матэрыяльнага ўрону ў межах расследавання "справы Баўмгертнера". Паводле яго слоў, адзін іск будзе накіраваны ў Расію "ў парадку рэалізацыі міжнародных пагадненняў", астатнія — па факце прычынення ўрону беларускімі фігурантамі крымінальнай справы. Дакладныя сумы іскаў падлічваюцца, аднак агульная сума не можа быць меншай за 100 мільёнаў долараў, сказаў Канюк.

Вячаслаў Будкевіч, БелаПАН
Мінск, 18 красавіка 2014

Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/17/52/25838
Текущая дата: 05.11.2024