Белорусский портал в Казахстане

Прэміі Саюзнай дзяржавы за 2013-2014 гады будуць уручаны на "Славянскім базары ў Віцебску"



Пра гэта паведамілі ў Пастаянным камітэце Саюзнай дзяржавы.

Прэміі Саюзнай дзяржавы ў галіне літаратуры і мастацтва за 2013-2014 гады будуць уручаны на XXIII Міжнародным фестывалі мастацтваў "Славянскі базар у Віцебску", які пройдзе з 10 па 14 ліпеня.

Лаўрэатамі ганаровай узнагароды на гэты раз сталі расійскі мастацтвазнавец Інеса Слюнькова, беларускі скульптар Іван Міско і народны артыст СССР Уладзімір Зельдзін.

"Узнагароджанне Інесы Слюньковай і Івана Міско прэміямі Саюзнай дзяржавы ў галіне літаратуры і мастацтва адбудзецца ў час святкавання Дня Саюзнай дзяржавы на "Славянскім базары ў Віцебску", - адзначылі ў Пасткаме. - Уладзімір Зельдзін не зможа прыехаць у Віцебск на ўрачыстае мерапрыемства. Аднак цырымонія яго ўзнагароджання прайшла ў Маскве ў час святкавання Дня яднання народаў Беларусі і Расіі. Узнагароду ўручыў дзяржаўны сакратар Саюзнай дзяржавы Рыгор Рапота на сцэне роднага для акцёра Тэатра Расійскай Арміі".

Доктар архітэктуры Інеса Слюнькова - навуковы супрацоўнік Інстытута тэорыі і гісторыі выяўленчых мастацтваў Расійскай акадэміі мастацтваў атрымае прэмію за серыю кніг, прысвечаных помнікам архітэктуры Беларусі і Расіі.

Народны мастак Беларусі Іван Міско - навуковы супрацоўнік Музея гісторыі горада Мінска стаў лаўрэатам прэміі за серыю скульптурных твораў, прысвечаных пакарыцелям космасу і помнік рускаму пісьменніку Сяргею Аксакаву.

Народны артыст СССР Уладзімір Міхайлавіч Зельдзін - акцёр Цэнтральнага акадэмічнага тэатра Расійскай Арміі. Прэмія прысуджана яму за ролю Дон Кіхота ў мюзікле "Чалавек з Ламанчы".

Тры прэміі Саюзнай дзяржавы ў галіне літаратуры і мастацтва прысуджаюцца адзін раз у два гады. Асноўным крытэрыем адбору саіскальнікаў з`яўляецца значнасць укладу мастацкіх твораў ва ўмацаванне адносін братэрства, дружбы і супрацоўніцтва паміж Беларуссю і Расіяй.

Упершыню прэмія была прысуджана ў 2002 годзе. Тады яе ўладальнікамі сталі расійскі акцёр Аляксей Пятрэнка, беларускі драматург Аляксей Дудараў і народны пісьменнік Беларусі Іван Шамякін. Пазней лаўрэатамі гэтай узнагароды станавіліся мастакі Міхаіл Савіцкі, Леанід Шчамялёў, Георгій Паплаўскі і Валянцін Сідараў, акцёры Аляксандр Калягін, Расціслаў Янкоўскі і Уладзімір Гасцюхін, кампазітар Аляксандра Пахмутава, дырыжор Міхаіл Фінберг і іншыя вядомыя майстры культуры Беларусі і Расіі.

17 чэрвеня 2014, Масква
Эдуард Півавар - БЕЛТА

Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/17/52/26285
Текущая дата: 05.11.2024