Белорусский портал в Казахстане

Міністэрства культуры Беларусі прадоўжыла да 17 лютага конкурс эскізных праектаў на стварэнне помніка Уладзіміру Мулявіну ў Екацярынбургу



Пра гэта паведамілі ў ведамстве.

Помнік народнаму артысту СССР будзе ўстаноўлены ў цэнтры Екацярынбурга на алеі, якая вядзе да білетных кас кінаканцэртнага тэатра "Космас". У гэтай тэатральнай зале ансамбль "Песняры" выступаў больш за два дзясяткі гадоў. Згода на ўстаноўку помніка атрымана ад Прэзідэнта Беларусі, губернатара Свярдлоўскай вобласці і мэрыі Екацярынбурга.

Удзельнікамі конкурсу могуць стаць архітэктары і скульптары з прафесійнай адукацыяй.

Конкурсныя матэрыялы павінны быць прадстаўлены на планшэце памерам 1,0х1,0 м, мець сціслую тлумачальную запіску з абгрунтаваннем прапанаванага праекта, генплан у маштабе 1:500, праектнае горадабудаўнічае рашэнне алеі з помнікам, візуалізацыю архітэктурна-пластычнага рашэння мемарыяла і яго мадэль.

Каб прыняць удзел у конкурсе, трэба па 17 лютага ўключна падаць заяўку па адрасе: г.Мінск, пр.Пераможцаў, 11, каб. 309. Конкурсныя матэрыялы павінны быць прадстаўлены аўтарамі да 17 лютага не пазней за 17.00 на адрас: г. Мінск, пр. Незалежнасці, 81 (галерэя Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў).

Конкурсныя матэрыялы разглядаюцца журы на закрытым пасяджэнні не пазней за 20 лютага. Рашэнне будзе прынята ў прысутнасці не менш як палавіны экспертнага складу адкрытым галасаваннем. Пры роўнай колькасці галасоў за і супраць голас старшыні стане вырашальным.

Судзейская калегія вызначыць эскізны праект, які зойме 1-е месца, і пераможцу (аўтара эскізнага праекта), які атрымае грашовую прэмію ў памеры Br20 млн. Ведамства заключае з пераможцам дагавор аб выкарыстанні эскізнага праекта без выплаты яму за гэта ўзнагароды.

Уся інфармацыя аб правядзенні конкурсу размяшчаецца на афіцыйным сайце Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь.

Стварэнне помніка ініцыіравана Міністэрствам культуры Беларусі і аддзяленнем пасольства Рэспублікі Беларусь у Расійскай Федэрацыі ў Екацярынбургу.

14 студзеня 2014, Мінск
БЕЛТА

Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/17/54/24663
Текущая дата: 05.11.2024