Белорусский портал в Казахстане

Прыняты бюджэт Саюзнай дзяржавы на 2024 год



Аб гэтым паведамілі ў прэс-службе Палаты прадстаўнікоў.

На пасяджэнні 65-й сесіі Парламенцкага сходу Саюза Беларусі і Расіі, якая прайшла ў Маскве, прыняты бюджэт Саюзнай дзяржавы на 2024 год. Удзел у пасяджэнні прыняў старшыня Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь Уладзімір Андрэйчанка. 

Саюзныя парламентарыі прынялі змяненні і дапаўненні ў Дэкрэт Вышэйшага дзяржаўнага савета Саюзнай дзяржавы "Аб бюджэце Саюзнай дзяржавы на 2023 год", зацвердзілі бюджэт Саюзнай дзяржавы на 2024 год, а таксама план-графік Парламенцкага сходу Саюза Беларусі і Расіі на 2024 год і план міжнароднай дзейнасці Парламенцкага сходу на 2024 год.

Даходная частка бюджэту склала 6970,1 млн расійскіх рублёў. У параўнанні з 2023 годам долевыя адлічэнні Беларусі і Расіі выраслі на 38 працэнтаў. Расходная частка бюджэту складае 5722,2 млн рублёў. За кошт гэтых сродкаў будзе прафінансавана пяць праграм і 37 мерапрыемстваў Саюзнай дзяржавы ў сферах энергетыкі, інфармацыйных тэхналогій, космасу, медыцыны, сельскай гаспадаркі, пагранічнай бяспекі.

Уладзімір Андрэйчанка выказаў упэўненасць, што бюджэт Саюзнай дзяржавы на 2024 год стане эфектыўным інструментам рэалізацыі праектаў і праграм, асабліва запатрабаваных на сучасным этапе інтэграцыі.

18 снежня 2023, Мінск
БЕЛТА

Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/17/6/71827
Текущая дата: 05.11.2024