Белорусский портал в Казахстане

Старшыня Вышэйшага Дзяржаўнага Савета Саюзнай дзяржавы, Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка павіншаваў беларусаў і расіян з Днём яднання народаў Беларусі і Расіі



Аб гэтым паведамілі ў прэс-службе кіраўніка беларускай дзяржавы.

Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што сярод немалой колькасці агульных свят і памятных дат Дзень яднання займае асаблівае месца.

"Ён з`явіўся дзякуючы волі нашых брацкіх народаў аб`яднаць намаганні і сумесна ствараць сваю будучыню, - гаворыцца ў віншаванні. - Глыбока сімвалічна, што на фоне цэнтрабежных тэндэнцый 90-х гадоў XX стагоддзя на ўсёй постсавецкай прасторы толькі мы, беларусы і расіяне, пераадолеўшы масіраваны знешні націск, змаглі закласці асновы адзінства на новым гістарычным этапе. З таго часу нашы краіны прайшлі вялікі шлях. Вопыт беларуска-расійскай інтэграцыі паспяхова прыменены ў сучасных маштабных праектах - Мытным саюзе і Адзінай эканамічнай прасторы. Ён будзе выкарыстаны пры руху да наступнай пастаўленай намі мэты - Еўразійскага саюза. Мы прыйдзем да іншых арганізацыйных форм і ўзроўняў інтэграцыі, аднак фундаментам гэтых працэсаў назаўсёды застанецца гістарычнае рашэнне нашых народаў, прынятае 17 гадоў таму".

Прэзідэнт Беларусі звярнуў увагу на той факт, што сёння аб`ём двухбаковага гандлю перавысіў ужо $43 млрд. "Мы разам будуем АЭС, разам асвойваем космас, эфектыўна аб`ядноўваем патэнцыялы ў навуковай сферы, рэалізуем вялікую колькасць сумесных праектаў у розных галінах - ад прамысловасці і сельскай гаспадаркі да адукацыі і сацыяльных паслуг. Мы сістэмна ўзаемадзейнічаем у галіне знешняй і абароннай палітыкі і таму, нягледзячы на новыя пагрозы і нестабільнасць у свеце, упэўнена глядзім наперад", - адзначыў кіраўнік беларускай дзяржавы.

"І самае галоўнае - гэта тое, што грамадзяне нашых краін не адчуваюць сябе чужымі ні ў Беларусі, ні ў Расіі", - падкрэсліў беларускі лідар.

Аляксандр Лукашэнка лічыць, што ў сучасных умовах аб`ектыўная патрэбнасць у далейшым збліжэнні толькі ўзмацняецца. "Вынікі пасяджэння Вышэйшага Дзяржаўнага Савета Саюзнай дзяржавы пацвердзілі гатоўнасць і далей развіваць гэты інтэграцыйны праект. Мы дакладна вызначым яго абноўленыя прыярытэты, паставім канкрэтныя мэты і зробім Саюзную дзяржаву яшчэ больш эфектыўнай для росту дабрабыту нашых народаў. Упэўнены, што толькі сумеснай мэтанакіраванай работай мы зможам у поўнай ступені рэалізаваць існуючыя ў нас патэнцыялы, забяспечыць канкурэнтаздольнасць нацыянальных эканомік, устойлівы рост дзяржаў і гарантаваць дастойнае жыццё людзей, - падкрэсліў Прэзідэнт Беларусі. - Перакананы, што ідучае ад сэрца арганічнае імкненне нашых народаў да сумеснага дынамічнага развіцця будзе і ў далейшым паспяхова ажыццяўляцца".

Аляксандр Лукашэнка пажадаў беларусам і расіянам здароўя, шчасця, міру і дастатку. "Няхай умацоўваецца непарушнае стратэгічнае партнёрства нашых краін!" - адзначыў Прэзідэнт.

2 красавіка 2013, Мінск
БЕЛТА

Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/17/61/20284
Текущая дата: 05.11.2024